Упор на паступальны рух. Мацвіенка аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Расіі
26 чэрвеня, Мінск . У гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Расіі ўпор будзе рабіцца на паступальны рух. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціна Мацвіенка ў час пленарнага пасяджэння XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі,
На ўсёй прасторы Саюзнай дзяржавы створаны неабходныя ўмовы для правядзення ўпэўненай эканамічнай палітыкі ў самых розных сферах і галінах, адзначыла старшыня. «Мы робім упор на паступальнае развіццё прамысловасці, транспарту, высокіх тэхналогій, забеспячэнне аграрна-харчовай бяспекі з нашай глыбокай сумеснай кааперацыяй. Вынікам такой работы з’яўляецца штогадовы ўзаемны рост тавараабароту, інвестыцый, гандлю, — адзначыла Валянціна Мацвіенка. — Важна падкрэсліць, што сёння мы вядзём разлікі ў нацыянальных валютах нашых краін. І гэта дапамагае абараніць узаемны гандаль і інвестыцыі ад негатыўнай знешняй кан’юнктуры, ад палітызаванага долара — інструмента націску ўжо, па сутнасці, на ўсе дзяржавы».
Прыярытэтная ўвага ўдзяляецца развіццю прамысловай кааперацыі, дадала старшыня. «Зроблены сур’ёзныя крокі па ўраўноўванні ў правах прамысловай прадукцыі, вырабленай у Расіі і Беларусі. Падпісаны стратэгічны дакумент аб сумесных дзеяннях у гэтай сферы. Па сутнасці, мы паставілі знак роўнасці паміж паняццямі «расійская» і «беларуская» прадукцыя, аб чым неаднаразова гаварылі і рэгіёны, і прадпрымальнікі. Расія сёння лідзіруе па аб’ёме капіталаўкладанняў у беларускую эканоміку. У Беларусі працуе ўжо больш як 2,5 тыс. расійскіх кампаній, а гэта значыць, што нам сумесна ўдалося стварыць спрыяльны інвестыцыйны, дзелавы клімат, на што адгукаецца бізнес. Акрамя таго, рэалізуецца праект стварэння расійска-беларускага інвестыцыйнага кластара», — расказала яна.
Паводле слоў Валянціны Мацвіенка, Беларусь і Расія паслядоўна развіваюць лічбавы парадак дня. «У нас набыты вялікі вопыт стварэння дзяржаўных інфармацыйных сістэм, развіцця электронных паслуг, укаранення платформенных рашэнняў для кіравання тэрыторыямі. Відавочна, патэнцыял супрацоўніцтва тут далёка не вычарпаны. Асаблівае значэнне мае абмен практыкамі на ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпалітэтаў. Размова ідзе не толькі аб тэхналогіях, але і падыходах да кіравання, нарматыўнага рэгулявання, падрыхтоўцы кадраў. Многія паспяховыя рашэнні ўжо даказалі сваю эфектыўнасць. Таму наша задача заключаецца ў тым, каб забяспечыць іх маштабаванне і адаптацыю на месцах. Сінхранізацыя падыходаў, сумесныя пілотныя праекты, абмен данымі і рашэннямі — усё гэта стварае аснову для фарміравання адзінай лічбавай прасторы, у якой выйграюць і дзяржава, і бізнес, і гармадзяне», — упэўнена старшыня Савета Федэрацыі.
Важным крокам у развіцці ўзаемаадносін дзвюх краін стала стварэнне ў пачатку года Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы. Ён закліканы стаць ключавым цэнтрам для абароны агульнага рынку ад небяспечнай прадукцыі і ўстаранення перашкод у гандлёвых адносінах. «Дынамічна развіваюцца праекты ў сферы тэхналогій. Ужо ідзе падрыхтоўка будаўніцтва трэцяга блока БелАЭС і пашырэння сумеснай спадарожнікавай групоўкі. Будзе наладжана сумесная вытворчасць самалёта малой авіяцыі «Асвей». Безумоўна, такія праекты абавязкова трэба развіваць, пашыраць, маштабаваць, але не менш важна пашыраць экспарт навукаёмістай, высокатэхналагічнай прадукцыі, шукаць сумесна новыя рыннкі», — упэўнена Валянціна Мацвіенка.
Асаблівай увагі заслугоўвае развіццё аграпрамысловай і турыстычнай галін. «У праекце нашага падагульняючага дакумента ўжо змяшчаецца шэраг канструктыўных прапаноў на гэты конт. Яны датычацца распрацоўкі праекта пагаднення аб адзінай аграрнай палітыцы Саюзнай дзяржавы, нарошчвання ўзаемадзеяння паміж тураператарамі. Разлічваем сёння пачуць ад вас, паважаныя ўдзельнікі форуму, і дадатковыя прапановы, і ініцыятывы», — звярнулася яна да прысутных.
Галоўным дасягненнем форуму за ўсе гэтыя гады старшыня назвала тое, што Беларусі і Расіі ўдалося стварыць разгалінаваную сістэму надзейных і ўзаемавыгадных міжрэгіянальных сувязей. «Складзеныя механізмы супрацоўніцтва сапраўды запатрабаваны і актыўна працуюць, перш за ўсё — на вынік. Гэта таксама адметная рыса нашага форуму. Менавіта такую задачу ставяць перад намі і кіраўнікі дзяржаў», — адзначыла старшыня.
Гаворачы аб перспектывах эканамічнага развіцця, нельга забываць і пра супрацоўніцтва ў гуманітарнай, культурнай, адукацыйнай сферах. «Адным з прыярытэтаў для нашых краін заўсёды была і застаецца маладзёжная палітыка, таму што менавіта маладым людзям давядзецца будаваць будучае Саюзнай дзяржавы. Трэба стварыць умовы для паўнацэннай самарэалізацыі маладых людзей і выхоўваць іх. Гэта не лозунгі, гэта проста жыццёвая патрэбнасць, — звярнула яна ўвагу. — У нас наладжана добрае ўзаемадзеянне ў адукацыйнай сферы. Сёння тысячы беларускіх студэнтаў навучаюцца ў расійскіх ВНУ. Ёсць цэлы шэраг фарматаў, якія даюць магчымасць умацоўваць маладзёжныя кантакты».
На заканчэнне Валянціна Мацвіенка адзначыла высокі ўклад Наталлі Качанавай у развіццё двухбаковых адносін, а таксама ўзнагародзіла старшыню Савета Рэспублікі ганаровым знакам Савета Федэрацыі «За заслугі ў развіцці парламентарызму».
XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць 25 і 26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці. За гады правядзення форум набыў статус традыцыйнай дыялогавай пляцоўкі для прадстаўнікоў органаў улады і бізнес-супольнасцей дзвюх краін. Арганізатары форуму — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.
Фота Андрэя Сіняўскага, Віталя Піваварчыка






