Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна з 70-годдзем
Мін Аун Хлайн. Фота з архіва 3 ліпеня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун Хлайна з 70-годдзем. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Упэўнены, гэты юбілей важны не толькі асабіста для Вас і Вашай сям’і, але і для ўсяго м’янманскага народа, які даверыў Вам найвышэйшую пасаду кіраўніка дзяржавы», — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Нашы сустрэчы пераканалі мяне ў Вашым шчырым жаданні развіваць доўгатэрміновае супрацоўніцтва паміж Мінскам і Нейп’ідо, накіраванае на ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці абедзвюх дзяржаў, павышэнне дабрабыту грамадзян».
Беларускі лідар адзначыў, што разлічвае на далейшую падтрымку з боку Прэзідэнта М’янмы ў рэалізацыі дасягнутых раней дамоўленасцей, а таксама ў стварэнні ўмоў для новых узаемавыгадных эканамічных і гуманітарных праектаў.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Мін Аун Хлайну здароўя, даўгалецця і паспяховага ажыццяўлення планаў і ініцыятыў.






