Турчын — новаму віцэ-прэм’еру: сельская гаспадарка павінна стабільна і рытмічна працаваць
23 лістапада, Мінск . Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын прадставіў калектыву Апарату Савета Міністраў і профільным ведамствам новага намесніка прэм’ер-міністра Аляксандра Ломскага,
Аляксандр Турчын адзначыў, што новы віцэ-прэм’ер будзе курыраваць пытанні перш за ўсё аграпрамысловага комплексу. «Аляксандр Зіноўевіч яшчэ зусім нядаўна працаваў першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Да сённяшняга дня быў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Брэсцкай вобласці. А да гэтага быў у мясцовых органах улады, узначальваў Клецкі, Нясвіжскі раённыя выканаўчыя камітэты. Аляксандр Зіноўевіч, для вас работа не новая, таму разлічваю, што вы ўключыцеся літаральна сёння. Кіраўнік дзяржавы ставіць перад намі вельмі шмат задач па развіцці сельскай гаспадаркі ў нашай краіне. Урад правёў сур’ёзную работу па змяненні ўмоў падтрымкі аграпрамысловага комплексу. Адпаведныя прапановы ўнесены Прэзідэнту нашай краіны. Нам неабходна да канца бягучага года прыняць усе рашэнні», — сказаў прэм’ер-міністр.
Таксама ў ліку актуальных напрамкаў — падрыхтоўка да веснавых палявых работ, рамонт тэхнікі, захаванасць жывёлы. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што сельская гаспадарка павінна стабільна і рытмічна працаваць.
Прэм’ер-міністр таксама падзякаваў за работу былому віцэ-прэм’еру Юрыю Шулейку. «Думаю, што вы — той чалавек, які можа рэалізаваць задачу па стварэнні вялікага аграхолдынга на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. А мы, безумоўна, акажам вам усялякую падтрымку», — адзначыў ён.
Аляксандр Ломскі падзякаваў за аказаны давер і адзначыў, што сельская гаспадарка — значны, важкі напрамак, якому ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. «Я заўсёды адкрыты для канструктыўнай размовы, для прыняцця рашэнняў. Спадзяюся на сумесную эфектыўную і плённую работу. Кіраўнік дзяржавы паставіў перада мной шэраг задач. Неабходна павялічваць аб’ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, яе глыбокую перапрацоўку, шукаць рынкі збыту, прадаваць нашу якасную прадукцыю і зарабляць грошы для краіны. Упэўнены, што ў нас усё атрымаецца», — сказаў ён.

Фота Мікалая Пятрова






