Беларусь разлічвае выйсці на новы этап узаемаадносін з Рэспублікай Комі — Пяткевіч
23 лістапада, Мінск . Беларусь разлічвае выйсці на новы этап узаемаадносін з Рэспублікай Комі, пры гэтым ужо дасягнуты вынікі па многіх напрамках. Аб гэтым заявіла намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч у час сустрэчы са старшынёй урада Рэспублікі Комі Дзмітрыем Братыненкам,
Паводле яе слоў, супрацоўніцтва з Рэспублікай Комі актыўна развіваецца, па ўсіх напрамках знойдзены агульныя сферы ўзаемадзеяння. «У час вашага візіту запланавана шырокая культурная праграма. Гэта сведчыць аб тым, што мы не проста супрацоўнічаем, а дружым. Ёсць пэўныя эканамічныя поспехі, эканамічныя інтарэсы, дастаткова сур’ёзныя праекты. Што датычыцца адкрыцця нашага сэрвіснага цэнтра, мы спадзяёмся, што прыйдзем да гэтага рашэння», — сказала Наталля Пяткевіч. Паводле яе слоў, таксама ёсць сур’ёзныя намеры па адкрыцці «Беларускай вёскі», дзе будзе прадстаўлена сельскагаспадарчая прадукцыя.
Развіваецца і гуманітарнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне адукацыі, культуры, навукі. «Мы абмяняліся нашымі дасягненнямі ў галіне кінавытворчасці. Вы прадставілі ў пашыраным фармаце культуру свайго рэгіёна», — адзначыла віцэ-прэм’ер.
«Добры зачын ёсць. Спадзяюся, што наша бягучая работа і ваш прыезд азнамянуюць новы этап нашых узаемаадносін. У нас ёсць што яшчэ вам прапанаваць», — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.
Фота Мікалая Пятрова





