М’янманскі імпарцёр малочнай прадукцыі мае намер нарошчваць закупкі сухога малака на БУТБ
Фота з архіва 23 лістапада, Мінск . Экспарт айчыннага сухога малака ў М’янму праз пляцоўку Беларускай універсальнай таварнай біржы плануецца павялічыць за кошт больш цеснага супрацоўніцтва з м’янманскай кампаніяй Miruku Co., Ltd, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
Гэта арганізацыя акрэдытавалася на БУТБ у ліпені 2026 года і ўжо заключыла дзве біржавыя здзелкі па куплі сухога абястлушчанага і неразведзенага малака агульным аб’ёмам 150 т.
Кіраўніцтва Miruku Co., Ltd заявіла аб намеры больш актыўна ўдзельнічаць у біржавых таргах і нарошчваць аб’ёмы імпарту па выніках перагавораў, якія адбыліся ў цэнтральным офісе біржы. У якасці галоўнай прычыны такога рашэння прадстаўнікі м’янманскай кампаніі адзначылі высокі попыт на сухое малако на рынку М’янмы. Цяпер краіна імпартуе звыш 80% сваёй патрэбнасці ў гэтай прадукцыі — пераважна з Новай Зеландыі, Аўстраліі і Еўрапейскага саюза, а Беларусь разглядаецца як новая перспектыўная крыніца паставак. З улікам станоўчага вопыту работы з беларускімі вытворцамі Miruku Co., Ltd гатова ў далейшым поўнасцю пераключыцца на закупкі сухога малака праз электронную платформу БУТБ.
Згодна са статыстыкай біржавых здзелак, за дзесяць месяцаў 2026 года беларускія прадпрыемствы малочнай галіны рэалізавалі за мяжу 207 тыс. т сухога малака, што ў 1,6 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2025 года. Асабліва запатрабаваным у замежных удзельнікаў таргоў было сухое абястлушчанае малако. На гэту пазіцыю прыпала 68% экспартных продажаў сухога малака ў натуральным выражэнні.
Паводле слоў аналітыкаў БУТБ, цяпер цэнавая кан’юнктура на знешніх рынках складаецца на карысць айчынных малакаперапрацоўшчыкаў, даючы ім магчымасць атрымліваць дадатковую экспартную выручку па выніках біржавых таргоў. Так, за жнівень — кастрычнік дзякуючы канкурэнцыі сярод пакупнікоў-нерэзідэнтаў эканамічны эфект для беларускіх прадаўцоў сухога малака склаў каля $1,8 млн.
На БУТБ таксама паведамілі аб пашырэнні геаграфіі продажаў гэтай прадукцыі. Акрамя м’янманскай кампаніі Miruku Co., Ltd, у 2026 годзе першыя біржавыя здзелкі па куплі сухога малака заключылі ўдзельнікі таргоў з дзвюх дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі — Інданезіі і Малайзіі.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.






