Лазарэвіч на Аршанскім ільнокамбінаце: будзем вырабляць больш сучасную тэхналагічную тканіну
13 лістапада, Орша . Вытворчасць на Аршанскім ільнокамбінаце і ў далейшым будуць мадэрнізаваць і развіваць, каб вырабляць запатрабаваныя на рынку высакаякасныя тканіны. Аб гэтым па выніках нарады ў Прэзідэнта на тэму развіцця льняной галіны заявіла журналістам старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея Лазарэвіч,
«Усе ўказанні Прэзідэнта безумоўна будуць выкананы. Ён патрабуе ад нас паскорана працаваць па мадэрнізацыі, атрымліваць больш вынікаў. Таму што цяпер наш час — ёсць магчымасці заваяваць рынак», — сказала кіраўнік канцэрна.
Надзея Лазарэвіч упэўнена, што вынікі работы Аршанскага льнокамбіната могуць быць значна лепшымі. Асаблівую ўвагу маюць намер і ў далейшым удзяляць якасці — ад перапрацоўкі сыравіны да вырабу канечнай прадукцыі.
Старшыня канцэрна звярнула ўвагу, што цяпер на рынку запатрабаваны розныя тканіны: «Вялікая задача, каб мы маглі быць у трэндзе, у рынку. Будзем вырабляць больш сучасную тэхналагічную тканіну». На камбінаце, зразумела, разлічваюць на павышэнне якасці сыравіны, якая пастаўляецца з боку беларускіх аграрыяў. З доўгім ільновалакном працаваць і зручней, і больш прыбыткова. Тым не менш тут нядаўна паспяхова асвоілі тэхналогію глыбокай перапрацоўкі і кароткага льновалакна, аб’ёмы будуць нарошчваць. «Самае галоўнае цяпер атрымаць ад гэтай тэхналогіі добры вынік», — сказала Надзея Лазарэвіч.






