Дажджлівы тыдзень і халодныя выхадныя: лістапад уступае месца зіме
Фота з архіва 16 лістапада, Мінск . На гэтым тыдні Беларусь чакаюць дажджы і атлантычнае цяпло да плюс 11 градусаў, а ў выхадныя прыйдуць арктычны холад і мокры снег. Аб гэтым расказалі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
«Антыцыклон Lennox, які падарыў нам невялікую сонечную перадышку пасля праліўных дажджоў, калі месцамі за 12 гадзін вылілася да 21 л вады на кожны квадратны метр тэрыторыі (або 41% месячнай нормы), адыходзіць на ўсход. На гэтым тыдні кіраванне працэсамі надвор’я захопяць непагодлівыя цыклоны Sylvia і яе атлантычныя калегі. У выніку чаго наш рэгіён накрыюць палі франтальнай воблачнасці, якія нясуць з сабой дажджы і сагрэтыя Гальфстрымам паветраныя масы. А ўжо ў выхадныя апошні восеньскі месяц зробіць намёк аб хуткім набліжэнні зімы: разверне вецер на паўночныя румбы, узмоцніць маразы і падкіне мокрага сняжку. Таму сёння, нягледзячы на кароткі светлавы дзень працягласцю 8,5 гадзіны, усё ж не прапусціце шанц злавіць такое рэдкае восеньскае сонца, паколькі наперадзе нас чакаюць пахмурныя лістападаўскія дзянькі. Так, у бліжэйшыя шэсць сутак тэрыторыя Беларусі ў асноўным будзе знаходзіцца ў цыкланічнай цыркуляцыі, што абумовіць няўстойлівы характар умоў надвор’я. Пад уплывам атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца праз тэрыторыю нашай краіны, у большасці раёнаў пройдуць ападкі рознай фазы і інтэнсіўнасці. Пры гэтым, калі 17-20 лістапада (аўторак — пятніца), у выніку паступлення паветраных мас атлантычнага паходжання, усталюецца цёплае надвор’е з начнымі мінімумамі ад мінус 1 да плюс 7 градусаў і дзённымі максімумамі ад плюс 2 да плюс 11 градусаў, то 21-22 лістапада (субота — нядзеля) у краіну пачне паступаць халоднае паветра арктычнага паходжання, тэмпературны фон панізіцца і будзе каля сярэдніх шматгадовых значэнняў (кліматычная норма трэцяй дэкады лістапада — ад мінус 2 да плюс 1,2 градуса). У сувязі з гэтым на працягу рабочага тыдня будзе пераважаць дажджлівае надвор’е, а ў будучыя выхадныя ападкі паступова пачнуць пераходзіць з дажджу ў мокры снег. У начны і ранішні час у вільготным паветры пры ваганнях тэмпературнага фону ў асобных раёнах краіны будуць адзначацца слабыя туманы і галалёдныя з’явы», — расказалі сіноптыкі.
У аўторак, 17 лістапада, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі, у асноўным дождж. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, днём — плюс 2-8.
У сераду, 18 лістапада, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі (дождж, ноччу і раніцай магчымы мокры снег). Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы галалёд. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, днём — плюс 4-11.
У чацвер, 19 лістапада, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца дажджы. Тэмпература паветра ноччу складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль, днём — плюс 4-10.
У пятніцу, 20 лістапада, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі (дождж, магчымы мокры снег). Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 1 да плюс 6 градусаў, днём — плюс 2-9.
У суботу, 21 лістапада, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). На асобных участках дарог магчымы галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў. Днём будзе ад нуля да плюс 6 градусаў.
У нядзелю, 22 лістапада, у многіх раёнах краіны чакаюцца невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег. Месцамі магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 1 градуса. Днём будзе ад мінус 1 да плюс 4 градусаў.
«Да канца лістапада захаваецца зімовы сцэнарый развіцця сінаптычных працэсаў. Тэмпературны фон у сярэднім па краіне прагназуецца на 1 градус ніжэйшы за кліматычную норму, а колькасць ападкаў — меншая, месцамі каля сярэдніх шматгадовых значэнняў», — падзяліліся прагнозам сіноптыкі.
*Больш актуальнай і цікавай інфармацыі аб надвор’і глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на VIDEOBEL.BY.






