«Я вам скажу, шыкоўны сальцісон!» Даведаліся аб сакрэтах мяснога далікатэсу, які прывёў у захапленне Лукашэнку
Аляксандр Лукашэнка ў час азнаямлення з узорамі прадукцыі сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба, 14 жніўня 2026 года Навіны сюжэта «»Па факце: рашэнні Першага». Праект БЕЛТА» Без воцату і лішніх дабавак: даведаліся рэцэпт той самай квашанай капусты, якой частавалі Лукашэнку «Прыдатны пяць сутак». Даведаліся пра рэцэпт сапраўднага савецкага квасу, якім частавалі Лукашэнку ў Вілейцы У гэтай стравы — смак старой добрай кухні, калі ў справу ішло ўсё самае лепшае ад свойскага забою, а галоўнымі прыправамі былі соль, часнок і спецыі. Сальцісон даўно перастаў быць выключна хатнім пачастункам: у многіх краінах яго падаюць як сапраўдны далікатэс. Добры прадукт пачынаецца з якаснага мяса, праверанай рэцэптуры і ўмелых рук. У сялянскай гаспадарцы Міхаіла Шруба на Палессі сальцісон гатуюць па традыцыйным рэцэпце, не захапляючыся дабаўкамі і аўтаматызацыяй. Невыпадкова Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, пакаштаваўшы мясцовую прадукцыю, назваў яе «шыкоўнай». І такая ацэнка ад кіраўніка дзяржавы — лепшая за самую дарагую рэкламную кампанію. Як нараджаецца гэты далікатэс, які пакупнікі разбіраюць хутчэй, чым паспяваюць зрабіць у гаспадарцы, расказваем у новым выпуску праекта БЕЛТА «Па факце: спецыяльны рэпартаж».
Што ўваходзіць у склад сальцісону
Сальцісон любяць не толькі ў Беларусі. Гэты традыцыйны мясны выраб папулярны ў Польшчы, Чэхіі, Венгрыі і Італіі, дзе і знайшліся яго карані. Назва гэтага прадукту паходзіць ад італьянскага слова salsiccione — вялікая каўбаса.
Як жа яго вырабляюць? Усё пачынаецца з разбірання тушы і жылоўкі свініны. Сыравіну дзеляць па гатунках. Выбіраюць каштоўныя часткі: неабходны кавалкі больш вялікія.

«Тазасцегнавая частка, паляндвіца, шыя. Для вытворчасці сальцісону субпрадукты паступаюць з забойнага цэха. А свініну бяром з разбірання тушы. Атрымалі сыравіну, субпрадукты ў пэўных суадносінах бяром на варку. Варэнне праходзіць на працягу чатырох гадзін. Зварылася, астуджваецца — на наступную раніцу здрабняем па пэўнай тэхналогіі. Для вытворчасці сальцісону «Тураўскага» выкарыстоўваюцца свініна і свіныя субпрадукты: печань, сэрца, ныркі”, — расказвае пра рэцэптуру начальнік мяснога цэха сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба Алена Костачка.
Чым карысны сальцісон
Многія прывыклі лічыць свіныя субпрадукты чымсьці другарадным. А яны ж вельмі карысныя: гэта чысты, лёгказасваяльны бялок і моцная крыніца жалеза. Субпрадукты ў саставе маюць рэкордную колькасць вітамінаў групы B, якія адказваюць за нашу энергію, моцную нервовую сістэму і здаровы метабалізм.
«Рэцэптура сальцісону «Тураўскага» бралася са старых рэцэптаў, нешта ўдасканалілі і потым ужо самі зацвярджалі яе ў Міністэрстве аховы здароўя. Спецыі толькі натуральныя: соль, кмен, каляндра, лаўровы ліст і часнок», — прыадкрывае сакрэты начальнік мяснога цэха.
У час гатавання сальцісону ўсе інгрэдыенты перамешваюцца і атрыманую масу набіваюць у абалонку. Прычым уручную — гэта прынцыповы момант. Калі аўтаматызаваць гэтыя працэсы, то прадукт атрымаецца зусім іншы.
«Мы здрабняем яго не на ваўчку, а на саларэзцы, каб быў рысунак, кубікі. Калі яго, дапусцім, шпрыцаваць, то ён будзе мяты, без рысунка, — растлумачыла Алена Костачка. — А так структура відаць на разрэзе пасля прасавання. Зразаеш — і такі выразны рысунак, а не змазаная кансістэнцыя».

Як правільна гатаваць сальцісон
Наша новая знаёмая Людміла Цярэшына ў сялянскай гаспадарцы працуе ўжо сем гадоў. Яе задача — фармаваць сальцісон.
«Сакрэтаў ніякіх няма, — заяўляе нам фармоўшчык каўбасных вырабаў сялянскай гаспадаркі. — Гэта абалонка — сінюга, мы яе закупляем ужо засоленай. Але ёсць і сваёй вытворчасці. Сінюгу папярэдне вымочваюць у гарачай вадзе, каб не было паху. Тут проста рабі на радасць людзям. Сальцісон смачны, як свойскі. Вы ж бачылі: там толькі прыправы і натурпрадукт».
Але сякія-такія сакрэты ў палескага сальцісону ўсё ж такі ёсць. Напрыклад, занадта цесна абалонку не набіваюць, каб пры запяканні яна не лопнула. Затым паўфабрыкат штрыхуюць, каб выходзіла паветра.
«Каб акуратна ўсё было, і ў магазіны паступаў якасны прадукт, а людзі глядзелі і разумелі: з любоўю зроблена!» — Людміла Цярэшына з такой цеплынёй гаворыць аб сваёй рабоце, што здаецца, быццам у гэтых словах і тоіцца галоўны сакрэт нашага сальцісону.
Хоць ёсць і яшчэ адзін сакрэт. «Перш за ўсё на рабоце павінен быць калектыў, дружная каманда. Вось як склалася ў нас. Мы імкнёмся гэту якасць выдаваць, каб не было браку», — дадае фармоўшчык каўбасных вырабаў.
Увогуле, калі даўно думалі, што б прыгатаваць нешта такое і здзівіць блізкіх, вось вам ідэя. Але гаспадыням на заметку: хочаце зрабіць сальцісон дома, паслухайце вопытнага спецыяліста.
«Абалонку трэба замачыць спачатку ў гарачай вадзе, потым прамыць яе і надзець на мясарубку (у некаторых мясарубак ёсць такія насадкі). Калі вы будзеце ўсё вышпрыцоўваць у гэту абалонку, моцна не націскайце. Трэба, каб лёгенечка яна ішла, атрымлівалася не моцна тугая. Тады яна пад цяжар пойдзе і не лопне. І сальцісон моцна не набівайце: ціхенька, каб калыхаўся ён», — дзеліцца прамудрасцямі Людміла Цярэшына.
Сальцісон абсмажваюць у камеры на працягу дзвюх гадзін пры высокай тэмпературы. За адзін раз атрымліваецца 150-170 кг. Гатуюць яго ў гаспадарцы два-тры разы на тыдзень. Хацелася б часцей, але пакуль не дазваляе сыравінная база. І прадукт запатрабаваны: у фірменных магазінах яго разбіраюць вельмі хутка. Пакупнікі цэняць сальцісон за натуральны смак і традыцыйную рэцэптуру.
Фота з архіва БЕЛТА і скрыншоты відэа






