Грамадства

Як беларусы ацэньваюць узровень бяспекі ў краіне — сацдаследаванне

16 верасня, Мінск . Як беларусы ацэньваюць узровень бяспекі ў краіне, расказаў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Мыслівец, прэзентуючы вынікі рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання, якія датычацца грамадска-палітычнай тэматыкі,

На пытанне «Ці адчуваеце Вы сябе ў бяспецы ў краіне ў цэлым?» 91,1% апытаных адказалі «так», 3,3% — «не», астатнія не змаглі адказаць. «Гэта комплексны паказчык, які дэманструе эфектыўнасць дзейнасці праваахоўных органаў, сілавых структур, — сказаў Мікалай Мыслівец. — І гэта паказчык агульнай культуры, якая характэрна для жыхароў нашай краіны. Калі мы гаворым аб ідэалагічным выхаванні, выхаванні маральных якасцей у моладзі, захаванні нашай традыцыйнай культуры, у першую чаргу робім акцэнт на тым, што трэба жыць у міры, згодзе, кіравацца і законамі, і маральнымі нормамі».
На вуліцах свайго населенага пункта ў бяспецы сябе адчуваюць 95,1% рэспандэнтаў, «не» адказалі толькі 2,6%. «Вынікі апытання пацвярджаюць, што нашы людзі адчуваюць сябе бяспечна. Адзначу, што гэтак жа адчуваюць сябе і госці краіны. Прывяду ў прыклад адзін выпадак. Калісьці, працуючы ў Гродне, прымаў у сценах універсітэта двух прафесараў з Польшчы. Адзін з Беластока, другі з Варшавы. Яны падзяліліся сваімі назіраннямі, сказалі, што гэта цудоўны горад і цудоўная краіна ў цэлым. Вечарам яны гулялі па вуліцах Гродна, бачылі шмат людзей рознага ўзросту, вясёлых і жыццярадасных, з якімі можна было без праблем паразмаўляць. Гаворачы пра Беласток і Варшаву, прафесары адзначылі, што 10 разоў думаюць, ці варта выходзіць з дому вечарам, і часцей прымаюць рашэнне застацца дома. А ў Беларусі яны спакойна гулялі і адчувалі сябе ў поўнай бяспецы», — адзначыў дырэктар Інстытута сацыялогіі.
У грамадскіх месцах (на стадыёнах, канцэртах і г.д.) адзначаюць адчуванне бяспекі 86,1% апытаных. «Магчыма, з пункту гледжання нашага паўсядзённага жыцця і выклікае пытанні тая стараннасць, з якой пры ўваходзе на стадыёны правяраюць наяўнасць забароненых рэчываў і прадметаў. Але ў той складаны час, у які мы жывём, пытанні бяспекі прадугледжваюць давер да сілавых структур, да тых, хто павінен гарантаваць нашу бяспеку. Скрупулёзныя меры кантролю прызначаны забяспечыць наша спакойнае, камфортнае, мірнае жыццё, прыемнае правядзенне часу на тых ці іншых мерапрыемствах, выключыць любыя магчымыя падставы для хвалявання», — падкрэсліў Мікалай Мыслівец.
У грамадскім транспарце адчуваюць сябе ў бяспецы 90,6% рэспандэнтаў. «Грамадскі транспарт у Мінску і іншых гарадах дастойны нашай увагі і павагі. Гэта сучасная, камфортная тэхніка, якая забяспечвае магчымасць бесперашкодна дабрацца туды, куды неабходна. У грамадскім транспарце і прыгожа, і зручна, і экалагічна, і эрганамічна, і бяспечна. Гэта тое, чым мы, безумоўна, ганарымся. Нездарма пытанням экпарту нашага транспарту (аўтобусаў, тралейбусаў і г.д.)удзяляецца шмат увагі на ўсіх тых сустрэчах, перагаворах, якія вядзе кіраўнік дзяржавы з губернатарамі і не толькі. Гэты важны аспект ілюструе рэзультатыўнасць нашай палітыкі. Мы ўсё робім прыгожа, з пачуццём, з толкам», — зрабіў акцэнт дырэктар інстытута.
У сваім доме, кватэры ў бяспецы сябе адчуваюць 96,8% апытаных. «Гэта паказчык і сямейнага, і сацыяльнага дабрабыту», — дадаў Мікалай Мыслівец.
У ліпені-жніўні 2026 года Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі па заказе БІСД правёў комплекснае рэспубліканскае сацыялагічнае даследаванне. У ім прынялі ўдзел 2045 рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў краіны. Першую частку вынікаў сацдаследавання, якая датычыцца актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, прэзентавалі ў Мінску 10 верасня. Сёння была прадстаўлена другая частка — па грамадска-палітычнай тэматыцы.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»