«Без страт збожжа». Членаў Савета Рэспублікі нацэлілі на ўдзел у арганізацыі ўборачнай кампаніі
23 ліпеня, Мінск . Членаў Савета Рэспублікі арыентавалі падключыцца да пытанняў арганізацыі ўборачнай кампаніі, паведаміў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц па выніках рабочай нарады па пытанні ўборачнай кампаніі 2026 года, якая прайшла ў Савеце Рэспублікі ў рэжыме відэаканферэнцыі,
Нарада пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай прайшла ў развіццё патрабаванняў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, дадзеных 21 ліпеня на селектарнай нарадзе з удзелам актыву дзяржавы.
«Неадкладна неабходна ўбраць увесь вырашчаны ўраджай. Ураджай выспеў багаты, не ніжэйшы за 2025 год. Прэзідэнт запатрабаваў нарасціць тэмпы — не менш як 6 працэнтаў уборкі ў дзень, убраць без страт. І пры гэтым дапамагчы сялянам на асабістых падсобных гаспадарках абмалаціць збожжавыя каласавыя культуры», — адзначыў Леанід Заяц.
У развіццё гэтых патрабаванняў кіраўніка дзяржавы членам Савета Рэспублікі пастаўлены канкрэтныя задачы: прыняць непасрэдны ўдзел у арганізацыі ўборкі і там, дзе ўзнікаюць нейкія пытанні, інфармаваць кіраўніцтва раёна, у першую чаргу, для ўстаранення недахопаў.
Увага членаў Савета Рэспублікі звернута на працаўладкаванне працоўных мігрантаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. Неабходна паглядзець, у якіх умовах пражываюць замежныя грамадзяне, якое ўзаемадзеянне наладжана з мясцовымі жыхарамі, работнікамі гаспадарак, даведацца аб заработнай плаце.
Леанід Заяц адзначыў, што гэтыя людзі ў Беларусі прыраўнаваны да работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, а значыць, і заработная плата ім налічваецца па тых жа расцэнках, як і грамадзянам Беларусі.
«У Беларусі вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні, якія датычацца ўборкі збожжавых культур. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы вырашаны пытанні забеспячэння палівам, — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі. — Вырашаны пытанні па выкупе дзяржаўнага заказу, а таксама аказана сур’ёзная дапамога з боку прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі, з боку Узброеных Сіл, МУС, МНС па забеспячэнні транспартам і прыцягненні нехапаючай колькасці механізатараў на гарачы час уборкі».
Так, з прамысловых прадпрыемстваў прыцягнулі каля 2,3 тыс. механізатараў, з якіх больш за 1 тыс. чалавек — камбайнеры. «Забяспечанасць кадрамі і палівам дае магчымасць зрабіць выснову аб тым, што збожжаўборачная кампанія павінна прайсці хутка, арганізавана і самае галоўнае — без страт збожжа», — сказаў на заканчэнне Леанід Заяц.
Фота Мікалая Пятрова






