Вытворчасць прадуктаў, тэхнікі. Кіраўнік МЗС Манголіі аб тым, чаму можна павучыцца ў беларусаў
Фота з архіва 26 кастрычніка, Мінск . У беларусаў ёсць чаму павучыцца, у тым ліку вытворчасці тавараў у розных сферах эканомікі. Гэта адзначыла журналістам міністр замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг на палях беларуска-мангольскіх перагавораў на вышэйшым узроўні ў Палацы Незалежнасці,
«Нашы краіны даўно дружаць, аднак гэта першы візіт прэзідэнта Манголіі ў Беларусь. Будзем падпісваць каля дзясятка двухбаковых дакументаў. Напярэдадні мангольская дэлегацыя пабывала на прадпрыемствах, заводах. Акрамя таго, адбудзецца бізнес-форум, прыехала больш як 70 кампаній з Манголіі. Ансамбль з нашай краіны таксама выступіць у Мінску. Наогул, праграма знаходжання ў Беларусі вельмі багатая», — сказала міністр замежных спраў Манголіі.
Мангольскі бок чакае значных вынікаў у развіцці супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў эканоміцы і гандлі. «Галоўная задача — палепшыць гандаль паміж нашымі краінамі», — дадала кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Манголіі.
Батмунхійн Батцэцэг падзялілася: «Я пабывала ў гандлёвым цэнтры, дзе прадаюцца менавіта беларускія прадукты. Вельмі шмат тавараў вырабляюць у Беларусі. Нам шмат чаму ёсць павучыцца ў беларусаў — вытворчасці прадуктаў, тэхнікі, адзення».
Міністр таксама звярнула ўвагу, што ёсць магчымасць ствараць сумесныя прадпрыемствы, каб экспартаваць потым прадукты ў суседнія з Манголіяй краіны.





