Прыбаўку ва ўраджайнасці азімых ячменю і рапсу атрымалі ў Брэсцкай вобласці
Фота з архіва 21 ліпеня, Брэст . У Брэсцкай вобласці атрымалі прыбаўку ва ўраджайнасці азімых ячменю і рапсу. Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі па выніках селектарнай нарады з кіраўніком дзяржавы,
У час селектара Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Брэсцкая вобласць у гэтым годзе сутыкнулася з асаблівымі кліматычнымі ўмовамі, якія ўплывалі на развіццё культур. З улікам засухі гаспадаркі на тыдзень раней пачалі ўборачную кампанію. «Не будзем наракаць на ўмовы надвор’я: што здарылася, то здарылася. Тым не менш цяпер актыўна вядзём уборку. Завяршылі ўборку азімага ячменю. Ураджайнасць атрымалі больш за 47 ц/га. Гэта амаль на 2 ц/га вышэй за ўзровень мінулага года. У цэлым збожжавыя ўбраны на 22 працэнтах плошчаў», — расказаў Дзмітрый Гарадзецкі.
Аграрыі Брэсцкай вобласці таксама абмалацілі азімы рапс на 66 працэнтах плошчаў. Яго сярэдняя ўраджайнасць перавышае 30 ц/га. Яна істотна вышэйшая за мінулы год. Але гэта не мяжа, на што арыентуюцца ў паўднёва-заходнім рэгіёне. На палях убіраюць і іншыя культуры. Прадаўжаецца церабленне лёну: такая работа праведзена на 80 працэнтах плошчаў. Яе маюць намер завяршыць да канца ліпеня.
«Усе гэтыя поспехі дзякуючы нашым кадрам, якія працуюць у палях, арганізоўваюць работу. Мы прыцягнулі 412 механізатараў і іншых работнікаў на перыяд уборачнай кампаніі», — заўважыў першы намеснік старшыні аблвыканкама. У паўднёва-заходнім рэгіёне ва ўборцы і дапрацоўцы збожжа будуць удзельнічаць 1323 камбайны, 334 зернеачышчальна-сушыльныя комплексы. Закуплена 98 новых камбайнаў, у бліжэйшы час чакаюцца пастаўкі яшчэ сямі.

У Брэсцкай вобласці намалочана 307 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 41,1 ц/га.



