Купалаўскі тэатр аб’явіў конкурс для айчынных драматургаў
Фота з архіва 16 лістапада, Мінск . Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пры падтрымцы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы аб’яўляе конкурс для айчынных літаратараў «Купала. П’еса» з нагоды 145-годдзя з дня нараджэння народнага паэта, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.
У конкурсе, накіраваным на павышэнне якасці айчыннай драматургіі, стварэнне сучасных твораў аб асобе Янкі Купалы і падрыхтоўку тэатральнай пастаноўкі для актуалізацыі рэпертуару дзяржаўных тэатраў, могуць паўдзельнічаць прафесійныя літаратары і аўтары-пачаткоўцы. Прымаюцца арыгінальныя, раней не інсцэніраваныя і не апублікаваныя ў друку драматургічныя творы на беларускай або рускай мове (у выпадку перамогі рускамоўнага твора ён будзе перакладзены на беларускую мову за кошт сродкаў арганізатара).
Конкурс будзе праходзіць у тры этапы:
Да 14 снежня 2026 года — рэгістрацыя ў конкурсе, стварэнне і прадастаўленне творчага пакета для адбору (сінопсіса і адной гатовай сцэны п’есы).
З 21 снежня 2026 года па 19 сакавіка 2027 года — прадастаўленне поўных тэкстаў п’ес.
Другая палова красавіка 2027 года — стварэнне і паказ рэжысёрскіх эскізаў пастановак па п’есах фіналістаў.
Вынікі кожнага з этапаў будзе падводзіць журы, якое ацэніць мастацкае наватарства і стыль, актуальнасць і арыгінальнасць прадстаўленых п’ес. Фіналісты атрымаюць узнагароды, іх творы будуць выкарыстаны ў час правядзення рэжысёрскай лабараторыі «Купала. Лабараторыя». Эскіз-пераможца, які выбера журы з улікам галасавання гледачоў, атрымае сцэнічнае ўвасабленне ў Купалаўскім тэатры. Творы ўдзельнікаў трэцяга этапу конкурсу будуць прапанаваны да пастаноўкі ў тэатральна-відовішчныя арганізацыі.
Прайсці рэгістрацыю ў конкурсе і прыслаць творчы пакет жадаючыя могуць да 14 снежня. Падрабязная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў раздзеле «Мерапрыемствы».





