«Славянскі базар — 2019»: тэма малой радзімы, юбілей «Песняроў», новы фармат дзён моладзі
8 ліпеня, Віцебск . Да юбілейнага XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталося 8 дзён. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзённа ў архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты кожнага фестывалю па гадах. Сёння — пра фестываль 2019 года.
XXVIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прайшоў з 8 па 17 ліпеня. Цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця форуму адбыліся ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця — 15 ліпеня.

Да фестывалю змянілася галоўная сцэна — яна набыла геаметрычныя формы, якія былі ў трэндзе. Для стварэння эфектнага відовішча выкарыстоўваліся пад’ёмныя механізмы, вялікія рассоўныя палотны святлодыёдных экранаў.
«Месца, дзе ты з’явіўся на свет» — такой была канцэпцыя гала-канцэрта адкрыцця «Славянскага базару», прысвячэнне малой радзіме, сямейным і агульначалавечым каштоўнасцям, а таксама пераемнасці пакаленняў. Са сцэны Летняга амфітэатра Прэзідэнт адзначыў, што менавіта такім фестываль і задумваўся ў пачатку 1990-х гадоў, ён стаў адказам творчых людзей на распад вялікай шматнацыянальнай краіны. «Яны аб’ядналіся, каб захаваць братэрскія адносіны паміж новымі незалежнымі дзяржавамі. Гэта заканамерна: у няпростыя часы маральную апору людзі заўсёды знаходзілі ў мастацтве», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На гала-канцэрце ён уручыў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» народнай артыстцы Украіны і Інгушэціі Таісіі Павалій. Артыстка падкрэсліла, што віцебскі фестываль стаў для яе дарогай на вялікую сцэну, і яна заўсёды вяртаецца з вялікай радасцю. У той жа дзень на Алеі зорак з’явіўся яе імянны «васілёк».
Галоўнымі падзеямі фестывалю сталі XXVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2019» і XVII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2019». Для юнакоў і дзяўчат падрыхтавалі насычаную культурную праграму для знаёмства з Беларуссю. Удзельнікі конкурсу выканаўцаў эстраднай песні наведалі БЕЛАЗ, выступілі з канцэртам перад завадчанамі, пазнаёміліся з вытворчасцю звышцяжкіх машын і змаглі падняцца на палубу адной з іх. Удзельнікі дзіцячага музычнага конкурсу пабывалі на кандытарскай фабрыцы «Віцьба», з’ездзілі на экскурсію па Полацку. Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу ў 2019 годзе застаўся ў Беларусі, а сярод дарослых артыстаў яго заваяваў прадстаўнік Казахстана.
Дзень Саюзнай дзяржавы прайшоў у два блокі — афіцыйныя мерапрыемствы і культурныя праекты. У Мастацкім музеі прэзентавалі «Растоўскую фініфць», на прэзентацыі адбылося дэфіле мадэлей. У Віцебску была прадстаўлена і выстаўка аднаго дня — рэплікі Вялікай імператарскай кароны. У музеі-сядзібе «Здраўнёва» была арганізавана медыясесія «Саюзная дзяржава: як перадаць культурны код моладзі», прысвечаная ў тым ліку 175-годдзю з дня нараджэння Ільі Рэпіна. На ёй абмеркавалі пытанні захавання культурнай спадчыны мастака і агульнай культурнай прасторы Беларусі і Расіі. Асновай канцэрта «Саюзная дзяржава запрашае» стала святкаванне 50-годдзя творчай дзейнасці ансамбля «Песняры». 
Дні моладзі на «Славянскім базары» ў 2019 годзе памянялі фармат. Мерапрыемствы праходзілі на некалькіх пляцоўках — каля Канцэртнай залы «Віцебск», на плошчы Перамогі і каля Летняга амфітэатра. Маладзёжны інтэлектуальны турнір пад адкрытым небам уключыў такія спаборніцтвы, як камандная «Свая гульня», «Што? Дзе? Калі?», «Квадрыга», фестываль кавер-бэндаў, маладзёжны забег на 2,5 км, фестываль маладзёжных субкультур
і здаровага ладу жыцця, фестываль аўтагуку, выстаўка рэтрааўтамабіляў і байкаў.
У новым фармаце адбыўся і фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». У ім удзельнічалі больш за 500 чалавек. Адной з асаблівасцей фэсту стала ўстанаўленне своеасаблівых рэкордаў. У 2019 годзе на Пушкінскім мосце сабралі тысячу пацалункаў.
Горад майстроў у Задзвінні сабраў пераважна народных умельцаў. Яркім дапаўненнем кірмашу рамеснікаў сталі святы-конкурсы па выцінанцы «Ажурныя мары», саломапляценні «Папараць-кветка», шыцці з абрэзкаў «Віцебская мазаіка», традыцыйнай свістульцы «Салавейка».
На «Славянскім базары» канцэрт чэмпіёнаў і фіналістаў Вышэйшай лігі Міжнароднага саюза КВЗ сабраў каманды «Саюз», «Трыёд і Дыёд», «Руская дарога», «Плюшкі імя Яраслава Мудрага» і беларускія калектывы з Мінска і Віцебска. У фінале камандам уручылі копіі прыза фестывалю — «Ліру».
Упершыню на фестывалі адбыўся міжнародны праект Dream Dance Fest. У розных намінацыях (шоу-праграма, народны танец, сучасны, эстрадны, класічны, street dance, беліданс) змагаліся больш за 130 танцавальных калектываў Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Узбекістана, Грэцыі і Кітая. Самаму малодшаму яго ўдзельніку было 3 гады, а самаму старэйшаму — ужо за 60.
У дзень закрыцця «Славянскага базару» ў Летнім амфітэатры прайшоў гала-канцэрт італьянскіх выканаўцаў «Viva, Italia!». Спявак Pupo паказаў, як трэба працаваць з публікай: ён прайшоў паміж радамі, абдымаўся з гледачамі і ператварыў сваё выступленне ў дыскатэку. На развітанне артыст выклікаў на сцэну пяцёра гледачоў, сярод якіх аказаўся і італьянец, і ўсе разам выканалі песню Gelato Al Cioccolato.
Асноўныя мерапрыемствы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а першыя канцэрты адбудуцца ўжо 14 ліпеня.





