Праграму па матывах грамафоннай музыкі ваенных гадоў прадставяць у Мінскай ратушы 19 чэрвеня
18 чэрвеня, Мінск . Музычна-харэаграфічную праграму «Мелодыі жыцця: па матывах грамафоннай музыкі ваенных гадоў», прысвечаную Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, прадставяць у Мінскай гарадской ратушы 19 чэрвеня.
Праграма мерапрыемства падрыхтавана ў рамках супрацоўніцтва Музея гісторыі горада Мінска з Ніжагародскім дзяржаўным гісторыка-архітэктурным музеем-запаведнікам (Расія).
У музеі заўважылі, што Мінск і Ніжні Ноўгарад звязваюць шматгадовыя партнёрскія і пабрацімскія адносіны, у аснове якіх — узаемная павага і агульная гістарычная памяць. Чвэрць стагоддзя гарады рэалізуюць сумесныя праекты ў розных сферах — ад культуры і адукацыі да спорту і патрыятычнага выхавання.
Музычна-харэаграфічная праграма «Мелодыі жыцця: па матывах грамафоннай музыкі ваенных гадоў» прадаўжае культурна-асветныя праекты музеяў Ніжняга Ноўгарада ў Мінскай гарадской ратушы. У аснове праграмы — ідэя дырэктара Ніжагародскага дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага музея-запаведніка Юрыя Філіпава аб правядзенні канцэрта механічнай і жывой музыкі па матывах калекцый пласцінак з песнямі ваенных гадоў з фондаў Ніжагародскага дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага музея-запаведніка.
Ніжагародскі музей-запаведнік больш за сем гадоў збірае калекцыю гуказапісной і гукаўзнаўляльнай тэхнікі. Сярод экспанатаў ёсць рэдкія экзэмпляры пласцінак, выдадзеныя ў 1940-я гг. Некаторыя песні і мелодыі праілюстраваны харэаграфічнымі нумарамі, а менавіта тарантэлай з балета «Альпійская балада» і вальсам «На сопках Маньчжурыі», а таксама вальсам «Сіняя хустачка», пасадоблем «Рыа-Рыта» і танга «Стомленае сонца» ў выкананні навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Праграму дапоўніць відэарад аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і Ніжнім Ноўгарадзе, а таксама грамафонныя гісторыі аб песнях ваенных гадоў.
Мерапрыемства пачнецца ў 17.00.






