Культура

Боль, застылы ў тварах: выстава «Нарачанскія ўдовы» адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы

22 чэрвеня, Мінск . У галерэі «Мабільная» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася фотавыстава Анатоля Дудкіна «Нарачанскія ўдовы», прымеркаваная да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны,

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 работ беларускага фатографа Анатоля Дудкіна, прызнаных шэдэўрамі айчыннай мастацкай фатаграфіі. Выстава аб’яднала два знакавыя цыклы аўтара, створаныя ў 1980-я гады ў нарачанскім краі: «Нарачанскія ўдовы» і «Зямля і людзі». Праект арганізаваны сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў і народным фотаклубам «Мінск».

«Сёння сапраўды сумная дата, да якой мы імкнуліся прымеркаваць знакавую падзею. Фотавыстава Анатоля Дудкіна як ніколі дакладна ўпісалася ў гэту трагічную тэму, — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па ідэалогіі, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая. — Аўтар адлюстраваў трагедыю, якая была ў вачах жанчын. Нарачанскі край панёс вялізныя страты, і менавіта жанчыны неслі на сабе цяжар тых гадоў, калі мужчыны ішлі на фронт і не вярталіся. Гэта выстава — пра працяг жыцця. Дзякуючы тым, хто загінуў і хто выстаяў, сёння мы жывём у мірнай і цудоўнай краіне».

Як падкрэсліла загадчыца сектара мастацкіх выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Вікторыя Харытонава, Анатоль Дудкін — легендарны фатограф, самародак і яркі прадстаўнік мінскай школы фатаграфіі, які аказаў вялікі ўплыў на яе фарміраванне.

Першая серыя работ — «Нарачанскія ўдовы» — прысвечана лёсам жанчын Нарачанскага краю, які цяжка пацярпеў як у Першую, так і ў Другую сусветную вайну. У экспазіцыі прадстаўлены глыбокія партрэты, сілуэты і сціплы побыт мясцовых жыхарак, чые твары і маршчыны захоўваюць адбітак скалечаных вайной лёсаў.

Другая серыя — «Зямля і людзі» — дэманструе сялянскую працу. Яна выканана ў характэрнай для аўтара энергічнай і жыццесцвярджальнай манеры, якая перадае шчырую любоў да чалавека і роднай зямлі.

«Вельмі важна памятаць аб гэтых падзеях, таму што ў гэтай трагедыі няма тэрміну даўнасці. Мы павінны памятаць, каб разумець і гора першага дня вайны, і вялікую цану дня Перамогі», — дадала Вікторыя Харытонава.

Экспазіцыя будзе цікава шырокаму колу наведвальнікаў: гасцям бібліятэкі, турыстам і ў першую чаргу маладому пакаленню для захавання гістарычнай памяці. Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы прадоўжыць работу да 21 ліпеня. Дата заканчэння можа быць зменена.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»