У мінскім Купалаўскім тэатры адкрылася экспазіцыя архіўных дакументаў аб лёсе вялікіх актрыс
20 мая, Мінск . Экспазіцыя «Купалаўка. Гісторыя ў асобах», прысвечаная Году беларускай жанчыны, пачала работу ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы,
Унікальныя архіўныя матэрыялы расказваюць пра жыццё і творчы шлях артыстак, якія сталі сімваламі беларускай сцэны: Стэфаніі Станюты, Веры Пола, Галіны Макаравай, Зінаіды Браварскай, Лідзіі Ржэцкай, Вольгі Галінай, Лідзіі Шынко і Вольгі Юрковай.
Загадчыца аддзела Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Маргарыта Старасценка адзначыла, што выстава раскрывае шматграннасць актрыс тэатра. «З любоўю мы паказваем, што яны былі не толькі таленавітыя, знакамітыя і паважаныя, але і простыя жанчыны, чый лёс быў вельмі цяжкі», — расказала яна.
«Многія з іх страцілі бацькаў у часы рэпрэсій, ім не хапала адукацыі, але, нягледзячы на ўсё гэта, яны ішлі да таго, каб вучыцца, выкладаць, а потым выступаць на радыё і ўдзельнічаць у спектаклях», — дадала Маргарыта Старасценка.
Паводле слоў спецыяліста, у аснове экспазіцыі — асабістыя справы, аўтабіяграфіі, напісаныя рукой саміх актрыс, узнагародныя лісты. «Тут таксама прадстаўлены ўнікальныя дакументы аб іх удзеле ў партызанскім руху. Напрыклад Вольга Юркова, якая была адной з рэквізітараў у тэатры, нягледзячы ні на што, пайшла ў партызаны ў 1942 годзе, дзе разам з мужчынамі ўдзельнічала ў вайне і атрымала ўзнагароду за доблесць», — падкрэсліла яна.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандр Шастакоў назваў адкрыццё экспазіцыі хвалюючай падзеяй. «З гордасцю хочацца сказаць, што гэта толькі частка нашага творчага шляху. І асабліва прыемна, што ў год беларускай жанчыны мы раскрываем усе таемныя гісторыі аб нашым любімым Купалаўскім тэатры», — адзначыў ён.
Дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк падкрэсліў, што супрацоўніцтва з тэатрам становіцца добрай традыцыяй. «Іх у нас будзе яшчэ шмат. Нам ёсць што паказаць і ёсць пра што расказаць», — сказаў ён.
У рамках праекта таксама прайшлі творчыя сустрэчы з народнай артысткай БССР Марыяй Захарэвіч і народнай артысткай Беларусі Зінаідай Зубковай — сучасніцамі гераінь экспазіцыі, калегамі па сцэне і сведкамі галоўных падзей іх жыццяў.

Убачыць унікальныя матэрыялы выставы можна ў Каміннай зале тэатра.
Фота Хрысціны Аксёнавай






