Колькі зараблялі дзеці ў лагерах працы і адпачынку летам, расказаў эксперт
23 верасня, Мінск . Намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай у прэс-цэнтры БЕЛТА расказаў, колькі зараблялі дзеці ў лагерах працы і адпачынку летам.
Аляксандр Цай адзначыў, што ў летнюю аздараўленчую кампанію належная ўвага была ўдзелена арганізацыі лагераў працы і адпачынку. Там адпачылі каля 16 тыс. дзяцей. «Гэта больш, чым у мінулым годзе. Дзеці паспрабавалі сябе ў новай прафесіі і атрымалі ўласныя грошы. Напрыклад, у Мінску ў такіх лагерах дзеці за 15 дзён знаходжання зараблялі 900 і нават 1000 рублёў. Гэта нямала», — расказаў намеснік дырэктара цэнтра.
Паводле яго слоў, папулярнымі былі і лагеры ваенна-патрыятычнага профілю на базе воінскіх часцей. «Як правіла, туды накіроўваліся дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — тыя, з якімі інспекцыямі па справах непаўналетніх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Больш за 22 тыс. дзяцей пабывалі ў лагерах такога тыпу», — праінфармаваў Аляксандр Цай.
«Можна канстатаваць, што летняя аздараўленчая кампанія прайшла без надзвычайных сітуацый і здарэнняў. Усе дзеці, якія жадалі, прайшлі аздараўленне і адпачынак у выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагерах», — дадаў намеснік дырэктара цэнтра.
Фота Валерыі Куневіч





