Культура

Выстава да 90-годдзя з дня нараджэння Яўгена Ігнацьева адкрылася ў Музеі гісторыі беларускага кіно

12 лістапада, Мінск . Урачыстае адкрыццё экспазіцыі «Эстэтыка кадра: Яўген Ігнацьеў і яго свет» адбылося ў Музеі гісторыі беларускага кіно — філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі,
Яўген Аляксеевіч Ігнацьеў — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, выдатны беларускі мастак кіно, чыя работа пакінула глыбокі след у гісторыі айчыннага кінематографа. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Лісіна Уладзімірскай вобласці. З юных гадоў праяўляў цікавасць да мастацтва і візуальнай творчасці. Пасля заканчэння Горкаўскага мастацкага вучылішча, а затым і мастацкага факультэта Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі (УДІК), Ігнацьеў пачаў сваю кар’еру на кінастудыі «Беларусьфільм», дзе хутка зарэкамендаваў сябе як таленавіты і арыгінальны мастак-пастаноўшчык. Як расказала загадчыца філіяла Вераніка Себруковіч, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прадаставіла для экспазіцыі касцюмы, якія былі створаны пад кіраўніцтвам Ігнацьева для вядомых кінафільмаў, напрыклад, для кінафільма «Людзі на балоце». Кінастудыя таксама прадаставіла для прагляду ўнікальныя кадры дакументальнага фільма пра Яўгена Ігнацьева «Дрэва за акном». «Гэта выдатны мастак, які ўсё сваё жыццё аддаў развіццю беларускага кіно, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксандр Госцеў. — Больш за 30 фільмаў было выпушчана з яго ўдзелам. Яны пакладзены ў аснову залатой калекцыі «Беларусьфільма». Мы ганарымся, што такі чалавек працаваў на нашай кінастудыі».
Яўген Ігнацьеў быў заняты ў такіх карцінах, як «Трэцяя ракета», «Праз могілкі», якія ўваходзяць у спіс ЮНЕСКА «100 лепшых фільмаў пра вайну», а таксама ў карцінах «Колькі лет, колькі зім!», «Чорнае сонца», «Замяшанне», «Магіла льва», «Людзі на балоце». Мастацкі стыль Яўгена Ігнацьева адрозніваецца рэдкай перакананасцю, асаблівым хваляваннем і натхнёным успрыманнем свету. На мерапрыемстве прысутнічалі не толькі госці, але і блізкія, і сябры майстра. Дачка мастака Наталля Паплаўская расказала, што ён вельмі любіў сваю работу і ставіўся да яе вельмі скрупулёзна. «Аднойчы ён нават запатрабаваў, каб для кадраў у фільме знялі антэны з дамоў, бо яны парушалі вобраз часу, у якім адбывалася дзеянне ў фільме», – падзялілася яна.
Народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, сваячка Яўгена Ігнацьева, падкрэсліла, што людзей, якія б мелі такія чалавечыя якасці і вялікі талент, які быў у яго, сапраўды няшмат. «Я адчула вялікую радасць ад таго, што такі чалавек стаў маім сваяком. Ён заўсёды даваў вельмі мудрыя парады, валодаў тонкім пачуццём гумару», — дадала Ядвіга Паплаўская. На выставе «Эстэтыка кадра: Яўген Ігнацьеў і яго свет» прадстаўлены дакументы, узнагароды, эскізы да фільмаў і карціны, якія дапамогуць наведвальнікам лепш зразумець шырыню творчасці мастака і яго важкі ўклад у развіццё кінамастацтва.
Выстава будзе працаваць па 20 снежня.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»