Лідскі замак на палотнах мастакоў. Хто і калі маляваў помнік гісторыі, расказвае музейны праект
Фота з архіва 12 лістапада, Гродна . Захапляючае падарожжа ў гісторыю Ліды і яе галоўнай славутасці прапануе аматарам даўніны праект мясцовага гісторыка-мастацкага музея «Лідскі замак на палотнах мастакоў», расказалі ва ўстанове культуры.
«Каб прыцягнуць увагу шырокага кола людзей да аб’екта культурна-гістарычнай спадчыны, ім патрэбна данесці яркую, займальную інфармацыю аб ім, і не толькі ў класічнай форме. Нездарма кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму мы вырашылі паказаць Лідскі замак анлайн, у яго сучасным і гістарычным абліччы — такім, якім у розныя гады бачылі яго мастакі», — так апісалі ідэю праекта аўтары.
Велічны Лідскі замак ва ўсе эпохі прыцягваў майстроў пэндзля, якія хацелі захаваць яго на сваіх палотнах. Як расказалі ў музеі, адна з першых яго выяў належыць Юзафу Пешку (1767-1831). На выкананай ім у 1808-1810 гадах акварэлі можна бачыць штучнае возера каля маляўнічых руін замка. Да замка і ў горад вядзе наплаўны паромны мост цераз раку Лідзейку. Мяркуючы па акварэлі, паўночна-ўсходняя вежа мела 4 паверхі і вышыню больш як 25 м, паўднёва-заходняя — больш як 18 м.
З выяў ХІХ стагоддзя найбольш дакладнай лічыцца работа Васіля Гразнова, напісаная ў 1860-1870 гадах, на якой адлюстраваны асобныя дэталі замкавай забудовы. У той час рэшткі вежаў былі ўжо ніжэй, а штучнае возера пачало зарастаць чаротам. Цікава, што даследчыкі змаглі вызначыць прыкладны час сутак напісання гэтай акварэлі: яна стваралася ў ранішні час, бо сонца асвятляе ўсходнюю сцяну. Існуе і літаграфія, створаная гэтым знакамітым краязнаўцам, даследчыкам старажытнай беларускай архітэктуры, матэрыяльнай культуры і мастацтва, — «Замак у Лідзе». Яна захоўваецца ў музеі Расійскай акадэміі мастацтваў.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя замак малюе і знакаміты графік Напалеон Орда. Сітуацыя вакол старадаўняга збудавання ўжо іншая: возера зусім перасохла, а гарадская забудова падступіла бліжэй да ўмацавання. Орда далучыў да літаграфіі гістарычную даведку: «Вельмі старажытнае мястэчка, рэшткі замка, пабудаванага вялікім князем літоўскім Гедымінам у 1323 г. У замку бывалі вялікія князі Вітаўт, Ягайла, Аляксандр Ягелон. Тут пражываў Тахтамыш — хан татарскі. Стараста Ліды быў Хаджы-Гірэй — позні хан крымскі. Замак разбураны ў вайну са шведамі».
Летам 1929 года Лідскі замак вывучаў знакаміты беларускі мастак Язэп Драздовіч. У мінулым годзе выйшаў у свет яго альбом «Ліда», напоўнены замалёўкамі горада і яго старажытнай славутасці.
У сваім праекце лідскія музейшчыкі паказалі работы больш позняга часу, якія захоўваюцца ў фондах або выстаўляюцца на пляцоўках музея. Гэта карціны аўтараў ужо канца ХХ і ХХІ стагоддзяў, большасць з якіх нарадзіліся або жылі ў Лідзе. На іх можна ўбачыць, як замак змяняўся ў апошнія дзесяцігоддзі, набываючы тое сучаснае аблічча, якое прыцягвае сёння тысячы турыстаў».





