Усмешка дзіцяці — галоўная каштоўнасць. 1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей
Фота з архіва 1 чэрвеня, Мінск . У першы дзень лета Беларусь разам з іншымі краінамі свету адзначае Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта свята, заснаванае яшчэ ў 1949 годзе, нагадвае аб тым, што дзяцінства павінна быць бяспечным, радасным і напоўненым клопатам.
У Беларусі абарона дзяцінства з’яўляецца важнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. У краіне выбудавана шматгранная сістэма сацыяльнай абароны сям’і з дзецьмі, і дзяржаўная сацыяльная падтрымка аказваецца фактычна на кожным этапе, пачынаючы ад нараджэння дзіцяці і да яго паўналецця. «Калі дзіця ўсміхаецца, значыць, дзяржава існуе, грамадства здаровае», — адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. І дзеля гэтай усмешкі ў Беларусі для дзяцей робіцца вельмі шмат. Дзяржава гарантуе бясплатныя паслугі аховы здароўя і адукацыю — ад дзіцячага сада да ВНУ. Сем’і з дзецьмі атрымліваюць грашовую, адрасную дапамогу, шматдзетным сем’ям прадастаўляецца сямейны капітал.
Для станаўлення гарманічнай асобы вялікае значэнне надаецца стварэнню пазнавальнага і камфортнага асяроддзя. Дашкольныя ўстановы і школы, цэнтры дзіцячай творчасці, музычныя і спартыўныя школы накіраваны на ўсебаковае развіццё дзіцяці. Цэлы комплекс мер накіраваны на выяўленне і падтрымку таленавітых і адораных дзяцей.

Па ўсёй краіне працуюць санаторыі і аздараўленчыя лагеры, дзе дзеці могуць набрацца сіл, знайсці сяброў і адкрыць для сябе нешта новае. У дварах і парках уладкоўваюцца сучасныя дзіцячыя пляцоўкі з абароненымі гульнявымі комплексамі.
Бяспека — адзін з ключавых прынцыпаў клопату аб дзецях. У лічбавую эпоху клопат аб паўнацэнным развіцці і дабрабыце дзяцей уключае ў сябе ў тым ліку кібербяспеку. Нядаўнія змяненні ў законе «Аб правах дзіцяці» ўзмацнілі іх абарону ў інтэрнэце.
Асаблівая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца шматдзетным сем’ям: у іх сёння выхоўваецца кожнае чацвёртае дзіця. Шматдзетныя сем’і маюць права на розныя віды дзяржаўнай падтрымкі, ім прадастаўляюцца дадатковыя сацыяльныя гарантыі і льготы.

У краіне аддаецца прыярытэт сямейным формам выхавання: больш як 80 працэнтаў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, атрымліваюць цяпло ў замяшчаючых сем’ях або дзіцячых дамах сямейнага тыпу.
У Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці ў свеце. Сучасныя перынатальныя цэнтры, якія функцыянуюць па ўсёй краіне, дапамагаюць утрымліваць гэту пазіцыю. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што сям’я і дзеці для нашай дзяржавы — вялікая каштоўнасць.
Штогод 1 чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі арганізуюцца святочныя мерапрыемствы: канцэрты, конкурсы, выставы, дабрачынныя акцыі, спартыўныя спаборніцтвы і інш. Яны маюць не толькі забаўляльны, але і сацыяльны характар. Таму што Дзень абароны дзяцей — гэта не толькі свята, але і напамін дарослым: шчаслівае дзяцінства складаецца з надзейнага тылу, клопату сям’і, дзяржавы і простага чалавечага цяпла, якім павінна быць акружана кожнае дзіця.
Фота з архіва






