Свята кнігі, гісторыі і культуры: ХXXIII Дзень беларускага пісьменства
5 верасня, Мінск . ХXXIII Дзень беларускага пісьменства прымае 5 і 6 верасня горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Сёлета ў канцэпцыю свята ўключаны такія тэмы, як Год беларускай жанчыны, 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры.
Урачыстасці з нагоды Дня беларускага пісьменства ўжо шмат гадоў праводзяць у розных гарадах Беларусі для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры і друкаванага слова. Яго прымаюць гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. Традыцыя святкаваць Дзень беларускага пісьменства ўзнікла ў 1994 годзе, калі ў Полацку ўпершыню прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку. 26 сакавіка 1998 года быў прыняты ўказ №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца першую нядзелю верасня. З гэтага моманту свята атрымала асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.
Сталіцамі маштабнай урачыстасці раней ужо станавіліся Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы, Ліда.
У гарадах, якія прымаюць Дзень беларускага пісьменства, праводзяць вялікія работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленні жыллёвага фонду, уводзяць у эксплуатацыю аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюць помнікі архітэктуры і мастацтва. У час свята ўдзельнікі і госці ўрачыстасці знаёмяцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустракаюцца з літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, слухаюць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў.
Сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Касцюковічы, размешчаны на рацэ Жадунька. Згадванні пра яго можна сустрэць у летапісах, пачынаючы з 1508 года. Мястэчка Касцюковічы ўжо ў XVI стагоддзі было гандлёвым цэнтрам. Прыкладна ў сярэдзіне XIX стагоддзя тут была праваслаўная царква, а таксама сінагога і павятовае трохкласнае прыходскае вучылішча. Былі развіты рамесныя промыслы: ганчарныя, бандарныя, сталярныя.

У 30-я гады XX стагоддзя былі пабудаваны карпусы прамысловага камбіната, ільнозавода, цагельнага завода, пачала працаваць швейная арцель «Прагрэс». У 1938 годзе Касцюковічы атрымалі статус горада.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Касцюкоўшчына стала партызанскім краем. У лясах дыслацыравалася 4 партызанскія брыгады і 6 атрадаў. Шасці ўраджэнцам Касцюкоўшчыны было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, яшчэ двое сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеней.
Шчодрая Касцюковіцкая зямля і на таленавітых людзей. Тут нарадзіліся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, паэт Алесь Пісьмянкоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі мастак Антон Бархаткоў і інш.
Сёння Касцюковіцкая зямля ўяўляе сабой рэгіён, які дынамічна развіваецца. Тут паспяхова функцыянуюць сучасная інфраструктура і эфектыўная сельскагаспадарчая вытворчасць, развіваецца малы і сярэдні бізнес. Рэгіён прапануе выгадныя ўмовы для дзелавога партнёрства, а таксама мае значны патэнцыял для развіцця аграэкатурызму.
Да Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах былі праведзены маштабныя работы па добраўпарадкаванні, рамонце інфраструктуры і абнаўленні культурных аб’ектаў. Да свята ў горадзе з’явіліся літаратурныя прыпынкі, на тарцовых паверхнях якіх размясцілі тэматычныя кампазіцыі, якія змяшчаюць партрэты вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, цытаты з іх твораў, а таксама візуальныя вобразы беларускай прыроды.




Гасцей свята чакае насычаная і разнастайная праграма. Галоўная сцэнічная пляцоўка будзе знаходзіцца на плошчы каля райвыканкама. Асноўнымі мерапрыемствамі стануць урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства і ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, адкрыццё памятнай скульптурнай кампазіцыі «Алесь i Aлеся», цырымонія памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай. Тут пройдзе і гала-канцэрт рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», вячэрні святочны гала-канцэрт з перадачай вымпела будучай сталіцы Дня беларускага пісьменства і феерверк.
На цэнтральнай пляцоўцы свята таксама размесцяцца тры тэматычныя павільёны. Асаблівасцю гэтага года стане павільён рэдкай кнігі, у якім будуць сабраны ўнікальныя выданні з усёй краіны (рэдкія старадрукаваныя выданні, факсіміле, мініяцюрныя кнігі і г.д.), а таксама «Кабінет пісьменніка», дзе будуць прадстаўлены рукапісы, асабістыя рэчы, рэдкія фатаграфіі і архіўныя дакументы пісьменнікаў.
Па вуліцы Ленінскай ад галоўнай сцэнічнай пляцоўкі да краязнаўчага музея размесціцца яшчэ адна тэматычная зона. Тут будуць працаваць фестываль «Кнігі і прэса», тэматычная інтэрактыўная прэзентацыя рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, ведамасныя і галіновыя павільёны, у прыватнасці, Нацыянальнай бібліятэкі, «Белпошты» і вядучых беларускіх выдавецтваў.
Таксама ў час свята можна будзе азнаёміцца з турыстычным патэнцыялам Магілёўскай вобласці і Касцюковіцкага раёна, наведаць розныя павільёны, экспазіцыі «Жывая спадчына Беларусі», горад майстроў.
У Свята-Крыжаўзвіжанскім храме адбудзецца святочнае богаслужэнне. Ён таксама прыме ўдзельнікаў рэспубліканскай навукова-асветнай экспазіцыі «Дарогамі да святынь». На прыхрамавай тэрыторыі пройдзе выстава-продаж духоўнай літаратуры. Акрамя таго, тут размесцяцца павільёны іншых канфесій, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемстве.
Яшчэ адной тэматычнай зонай стане тэрыторыя ад галоўнай сцэнічнай пляцоўкі па вул.Камсамольскай да скрыжавання з вул.Пушкінскай. Прастора тут будзе падзелена на зоны, разгорнуцца гандлёвыя рады, фудкорт і выставачныя павільёны вядучых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці.
Акрамя асноўных мерапрыемстваў ў час Дня беларускага пісьменства адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мурала паэтам і пісьменнікам Касцюковіцкага раёна, мемарыяльнай дошкі Івану Чыгрынаву, цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў літаратурнага конкурсу і святочны канцэрт творчых калектываў Магілёўскай вобласці.
Касцюковічы з нецярпеннем чакаюць гасцей. На некалькі дзён горад ператворыцца ў грандыёзны асветніцкі цэнтр, які аб’яднае мінулае, сучаснасць і будучыню Беларусі ў адзінай любові да роднага слова, яе культуры і гісторыі. Тут шалясценне кніжных старонак перапляцецца з гукамі музыкі, а на святочных пляцоўках ажыве гістарычнае мінулае краіны.



