Традыцыі продкаў у сучасных вырабах. Што прадстаўляюць у горадзе майстроў у Дзень пісьменства
6 верасня, Касцюковічы . Унікальныя рамёствы, сакрэты народнага арнаменту і атмасфера творчага адзінства пануюць у горадзе майстроў у Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах,
На цэнтральнай пляцоўцы свята разгарнулася маштабная экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Свае работы прадэманстравалі рамеснікі з усіх куткоў Беларусі. Госці могуць убачыць саломапляценне, выцінанку, гліняную кераміку, тканыя паясы, тэкстыльных лялек і шмат іншага. Тут жа праходзяць майстар-класы, дзе кожны жадаючы можа паспрабаваць сябе ў ролі майстра і стварыць нешта сваімі рукамі.
Хоцімскі раён прапанаваў кераміку, ткацтва і аўтарскія сувеніры. Паводле слоў загадчыка філіяла «Раённы дом рамёстваў» Максіма Мамчанкі, кожны выраб нясе ў сабе глыбокі сэнс. «У элементах беларускага арнаменту зашыфраваны словы «любоў», «шчасце» і іншыя. Выкарыстоўваючы гэтыя ўзоры, мы далучаем людзей да нацыянальнай культуры і да слова як такога. Да свята мы падрыхтавалі магніты і іншую дробную сувенірную прадукцыю, якая карыстаецца попытам», — адзначыў ён.
Народны майстар Беларусі з Івацэвіцкага раёна Наталля Кулецкая прывезла ў Касцюковічы знакамітую бярозаўскую шчэпавую птушку, роспіс па шкле і калекцыю выцінанак. Яна падкрэсліла, што гэта мастацтва актыўна адаптуецца да сучаснага дызайну. «Выцінанка ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, таму перадаваць гэту традыцыю новаму пакаленню неабходна. Моладзь цікавіцца рамяством, таму што вынік бачны адразу: за 15 мінут можна стварыць прыгожае інтэр’ернае ўпрыгажэнне. Я займаюся выцінанкай больш як 20 гадоў і з гордасцю прадстаўляю свае работы на розных святах», — расказала яна.
Гродзенскую вобласць на свяце прадстаўляюць чатыры раёны. З сабой яны прывезлі прыгожых саламяных лялек, вялікага зубра і асаблівыя куфры. Майстар па саломапляценні з Астравецкага раёна Алена Малышава адзначыла, што стварэнне эксклюзіўных вырабаў патрабуе ўважлівай падрыхтоўкі матэрыялу. «Раней з саломы рабілі абярэгі, павукоў, анёлкаў для дзіцячых калясак. Сёння мы стараемся прывіць любоў да народнай творчасці дзецям: я вяду гурткі, дзе юнакі і дзяўчаты з задавальненнем плятуць з саломкі і пераймаюць навыкі старых майстроў», — сказала яна.
Разам з ёй прыехала і майстар па выцінанцы Аксана Вакуліч. У сваіх работах яна адлюстроўвае беларускія абрады, дрэва жыцця і птушак. «Выцінанка — гэта код Беларусі. Мы павінны захоўваць і прымнажаць нашу спадчыну. Я ўжо тры гады вучу гэтаму мастацтву дзяцей у сваім гуртку, яны працуюць карпатліва і з вялікай цікавасцю», — дадала яна.




