Інтэрактыўныя пляцоўкі, канцэрт, прызы. Як прайшла акцыя МУС «За бяспеку — разам!» у Віцебску
19 ліпеня, Віцебск . Больш за 50 тыс. чалавек прынялі ўдзел у гэтым годзе ў традыцыйнай рэспубліканскай акцыі МУС «За бяспеку — разам!», якая прайшла ў час XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Аб гэтым паведамілі ва УУС Віцебскага аблвыканкама.
З 16 па 19 ліпеня ў фестывальным Віцебску праходзіла акцыя Міністэрства ўнутраных спраў. Паказальныя выступленні ў дзень адкрыцця адбыліся ў парку Пераможцаў, а сёння свята разгарнулася на плошчы Перамогі. Тут можна было наведаць прэзентацыйныя пляцоўкі УУС, упраўлення ДАІ, унутраных войскаў МУС, профільных устаноў адукацыі, Дэпартамента аховы.
Для дзяцей і дарослых на плошчы Перамогі арганізавалі выстаўку спецтэхнікі, дзе можна было не толькі сфатаграфавацца побач з аўтамабілямі, сучаснымі і рэтраматацыкламі, але і пасядзець на іх, каб адчуць сябе ахоўнікам правапарадку. Запрашалі наведвальнікаў да актыўнасцей роставыя лялькі. Хлопчыкі і дзяўчынкі аблюбавалі зоны з настольнымі і вулічнымі гульнямі, атракцыёны, напрыклад з аўтамабілем-пярэкрутам. У дзіцячым аўтагарадку юны інспектар дарожнага руху кантраляваў, як вадзіцелі цацачных машынак выконваюць ПДР. «Расце дастойная змена», — адзначылі прафесійныя міліцыянеры.
Для тых, хто стаміўся асвойваць і вывучаць усе пляцоўкі, у распараджэнні была лаўнж-зона з мяккімі крэсламі для адпачынку. «За ўсе дні тэматычныя пляцоўкі Міністэрства ўнутраных спраў на «Славянскім базары» наведалі больш за 50 тыс. гасцей фестывалю», — адзначылі ва УУС Віцебскага аблвыканкама.
Адным з цэнтральных мерапрыемстваў стаў тэматычны квест, за праходжанне якога выдавалі нумары для ўдзелу ў розыгрышы каштоўных прызоў. Сёлета пераможцаў вызначылі ў фінале акцыі, і шчасліўчыкам дасталіся горны веласіпед і электрасамакат.
Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы МУС Антон Санкевіч, які прыняў удзел у розыгрышы прызоў, падкрэсліў, што рэспубліканская акцыя ўсё больш карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў і гасцей фестывальнага Віцебска. «Акцыя прайшла максімальна насычана. Больш за тысячу чалавек зарэгістраваліся па праходжанні ўсіх інтэрактыўных лакацый, менавіта яны былі прэтэндэнтамі на выйгрыш галоўных падарункаў нашай акцыі. Але нават не гэта галоўнае, важна, што 35-ы, юбілейны фестываль «Славянскі базар у Віцебску» праходзіць паспяхова і ярка. Як звычайна, Міністэрства ўнутраных спраў заўсёды побач. Безумоўна, наша галоўная задача — ахова правапарадку. Госці і жыхары горада адчуваюць сябе максімальна ўпэўнена і бяспечна, значыць, з гэтай задачай мы справіліся. А другая не менш важная задача — ідэалагічная. На працягу вось ужо некалькіх гадоў акцыя «За бяспеку — разам!» у статусе рэспубліканскай запрашае максімальную колькасць гасцей на свае лакацыі. Цікаўныя вочы дзяцей і бацькоў гавораць самі за сябе — цікавасць да нашай акцыі з кожным годам расце. Гэта і ёсць галоўны паказчык таго, што мы ўсё робім правільна», — адзначыў ён.
Для гасцей акцыі таксама быў арганізаваны канцэрт з удзелам творчых калектываў і выканаўцаў. На заканчэнне мерапрыемства ўсе разам спелі гімн Беларусі.






