Грамадства

Голас «скрыпкі беларускай». Да 150-годдзя з дня нараджэння паэтэсы Алаізы Пашкевіч

Помнік Алаізе Пашкевіч у Шчучыне. Фота planetabelarus 15 ліпеня, Мінск . Сёння спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння паэтэсы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч, больш вядомай пад літаратурным псеўданімам Цётка. Яна належыць да пакалення беларускіх дзеячаў апошняй чвэрці XIX — пачатку XX стагоддзя, якія ўнеслі неацэнны ўклад у айчынную культуру і літаратуру.

Нарадзілася Алаіза Сцяпанаўна 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай шляхецкай сям’і. Яна атрымала добрую дамашнюю адукацыю і ў 1894 годзе паступіла ў Віленскае прыватнае вучылішча В.Прозаравай. Скончыўшы шэсць класаў, Алаіза пачала выкладаць.  

У 1902 годзе яна паехала ў Санкт-Пецярбург, дзе вучылася на Вышэйшых курсах П.Ф.Лесгафта. Там рыхтавалі выхавальніц і кіраўніц фізічнай адукацыі. У 1904 годзе Пашкевіч экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі. Пасля вяртання ў Вільню Алаіза працавала фельчарам у бальніцы.

У час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў Пашкевіч поўнасцю прысвяціла сябе грамадскай дзейнасці, арганізоўвала рабочыя гурткі, выступала з прамовамі на беларускай мове на сходах і мітынгах, пісала свабодалюбівыя вершы. У маі 1905 года была выбрана ад віленскіх работніц дэлегатам з’езда жанчын у Маскве. Каб пазбегнуць арышту, у канцы 1905 года яна эмігрыравала ў Галіцыю. Пазней, пражываючы ў Львове, стала вольным слухачом філасофскага аддзялення Львоўскага ўніверсітэта.

У 1906 годзе ў Жоўкве (недалёка ад Львова) выдала зборнікі сваіх вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», у якіх была выкарыстана паэтыка фальклорных твораў і народна-песенная сімволіка (вобразы музыканта, скрыпкі, дудкі). У гэтым жа годзе ў Санкт-Пецярбургу ўбачыла свет яе кніга «Першае чытанне для дзетак беларусаў», куды ўвайшлі апавяданні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, прызначаныя для юных чытачоў.

З 1908 па 1909 год Алаіза Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта. Каб атрымаць навуковую ступень, яна напісала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай», потым — брашуру «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі». Некаторы час Пашкевіч правяла ў Закапане (Польшча), дзе праходзіла курс лячэння ад туберкулёзу, пазней падарожнічала па Італіі.

У 1911 годзе паэтэса вярнулася на радзіму, вяла актыўную грамадска-асветную дзейнасць. Разам з тэатрам Ігната Буйніцкага яна ездзіла па ўсёй Беларусі і ўдзельнічала ў спектаклях, таксама рэдагавала часопіс для дзяцей і моладзі «Лучынка».

У час Першай сусветнай вайны Алаіза Пашкевіч працавала сястрой міласэрнасці, удзельнічала ў стварэнні дзіцячых прытулкаў, выкладала педагогіку, гігіену і іншыя прадметы на беларускіх настаўніцкіх курсах.

У студзені 1916 года памёр яе бацька. Прыехаўшы на пахаванне, паэтэса прыняла рашэнне застацца ў родных мясцінах, каб аказваць медыцынскую дапамогу землякам, якія паміралі ад эпідэміі тыфу. Але, ратуючы іншых, яна сама захварэла і памерла ў лютым 1916 года.

Літаратурная дзейнасць Алаізы Пашкевіч сведчыць аб тым, што яна была асобай яркай і таленавітай. Пісаць Алаіза пачала ў 1902 годзе пад уплывам творчасці Францішка Багушэвіча, выкарыстоўвала розныя псеўданімы: Цётка, Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка і інш. Да ранніх вершаў адносяцца «Лета» і «Восень», якія датуюцца 1902-1903 гадамі і ўпершыню былі апублікаваны ў зборніку «Скрыпка беларуская». Пашкевіч удалося ў іх па-майстэрску перадаць асобныя моманты вясковага побыту, апісаць летнія гульні і восеньскі кірмаш. У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» былі надрукаваны вершы Цёткі «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем да цяжкай долі селяніна.

Творы 1905-1907 гадоў вызначаюцца публіцыстычнай завостранасцю, рэвалюцыйным пафасам, аратарскімі інтанацыямі, метафарычнасцю і алегорыяй.

Асобным перыядам у літаратурнай дзейнасці Алаізы Пашкевіч былі 1908-1914 гады. Сярод вершаў, напісаных у гэты час, можна вылучыць: «З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне». У іх пераважаюць матывы грамадзянскага смутку і тугі па радзіме.

Цётка таксама спрабавала свае сілы і ў прозе. У яе творах апісваюцца цяжкае вясковае жыццё («Навагодні ліст»), настроі студэнцкай моладзі («Зялёнка»), няпросты лёс дзяцей («Міхаська») і інш. Асобную частку творчасці складаюць падарожныя заметкі і нарысы, якія былі напісаны пад уражаннем ад паездак у Італію, Фінляндыю, Швецыю і Германію.

Літаратурная спадчына Алаізы Пашкевіч — яркая старонка ў гісторыі беларускай культуры. Яе самабытны талент заўважыў Янка Купала, які прысвяціў ёй верш «Аўтарцы «Скрыпкі беларускай». Творы Цёткі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, нямецкую і іншыя мовы. Яе вобраз увасоблены ў вершах, аповесцях, раманах, жывапісе, скульптуры і кіно. Помнікі ў гонар Пашкевіч устаноўлены ў Шчучыне, гарадскім пасёлку Астрына, у Мінску адкрыта мемарыяльная дошка. Яе імем названы Астрынская сярэдняя школа, Шчучынская раённая бібліятэка, мінская бібліятэка нумар 15, вуліцы ў Мінску, Лідзе, Маладзечне, Шчучыне.

І ў наш час яркая зорка таленту Алаізы Пашкевіч прадаўжае свяціць, нагадваючы пра каштоўнасць беларускага слова, мужнасць і бясконцую любоў да роднай зямлі. Яе творы па-ранейшаму знаходзяць водгук у сэрцах беларусаў, а бессмяротная «скрыпка» прадаўжае гучаць чыстым, самабытным і глыбокім народным напевам.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»