Грамадства

Больш за 170 выпускнікоў БДУІР папоўняць інжынерную эліту краіны ў гэтым годзе

Фота БДУІР 24 чэрвеня, Мінск . У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшло ўрачыстае мерапрыемства для лепшых маладых спецыялістаў «Інжынерная эліта»,

«Інжынерная эліта» — гэта выдатныя выпускнікі, якія на працягу ўсяго навучання ў БДУІР дэманстравалі найвышэйшыя вынікі ў вучэбнай, навуковай, спартыўнай і грамадскай сферах. У выніку яны атрымалі дыпломы з адзнакай і заслужана маюць званне «Інжынерная эліта».

«У гэтым годзе ў нас 171 выдатнік. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія атрымалі дыпломы з адзнакай. Яны валодаюць фундаментальнымі ведамі і практычным вопытам, праявілі сябе ў працэсе работы над дыпломным праектам, што дало ім магчымасць не толькі атрымаць жаданы дыплом аб вышэйшай адукацыі, але і кваліфікацыю, неабходную для паспяховага руху па кар’ернай лесвіцы», — адзначыў рэктар БДУІР Вадзім Богуш.

Адказваючы на пытанне, што дае чырвоны дыплом сучаснаму выпускніку, кіраўнік ВНУ падкрэсліў, што ўсё залежыць ад наймальніка. «Я як наймальнік заўсёды звяртаю ўвагу на тое, што ў прэтэндэнта на тую ці іншую пасаду ёсць дыплом з адзнакай. Гэта паказвае (як і залаты медаль у школе), наколькі сістэмна чалавек умее працаваць», — канстатаваў ён.

Аляксандра Грыбоўская — выпускніца па спецыяльнасці «вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі». Яна прызналася, што адчувае гонар. «Быць інжынернай элітай краіны вельмі прэстыжна. Я ўдзячна сваім бацькам, што першапачаткова накіравалі мяне на гэты шлях, і выкладчыкам, якія зрабілі мяне такой, якая я цяпер. Я са школы ведала, кім хачу стаць, таму паступіла ў БДУІР і заканчваю яго. Тое, што ў мяне будзе чырвоны дыплом, стала нечаканасцю, аб якой я даведалася толькі ў гэтым годзе. Я была вельмі шчаслівая», — расказала выпускніца.

Аляксандра ўжо з’яўляецца кваліфікаваным інжынерам і працуе па спецыяльнасці. «Што называецца, увайшла ў дарослае жыццё максімальна. Паступаць было складана, вучыцца цікава, з трэцяга курса з’явіліся спецыялізаваныя дысцыпліны, стала цяжэй, але ўсё роўна час вучобы ва ўніверсітэце я буду памятаць заўсёды. Вельмі сумна расставацца», — прызналася малады спецыяліст.

Універсітэт у гэтым годзе выпускае амаль 2 тыс. студэнтаў дзённай формы навучання, 70 — завочнай формы навучання, 61 — дыстанцыйнай, 70 — дзённай магістратуры, з іх 11 замежных грамадзян. Акрамя таго, філіял БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж» выпусціў каля 330 спецыялістаў у гэтым годзе.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»