Хрэсны ход і сад Малітвы. Навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святынь» сёння ў Касцюковічах
Фота з архіва 6 верасня, Касцюковічы . XXXIII Міжнародная навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да святынь» сёння ў Касцюковічах,
Яна прымеркавана да Дня беларускага пісьменства. Старт экспедыцыі далі 2 верасня ў Мінску. Яе ўдзельнікі — пісьменнікі, вучоныя, свяшчэннаслужыцелі. За некалькі дзён свайго шляху яны пераадолелі каля 1,2 тыс. км.
Як расказаў галоўны спецыяліст па справах рэлігіі і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Лабаноўскі, удзельнікі экспедыцыі на працягу ўсіх гэтых дзён падарожнічалі па знакавых і культавых мясцінах Прыдняпроўскага краю. Яны наведалі Клічаў, Бабруйск, Магілёў, Горкі і Мсціслаў. Фінальнай кропкай маршруту стаў горад Касцюковічы.
«Дарога да святых месцаў пабудавана такім чынам, што паломнікі не толькі наведваюць нейкі храм, яны маюць вялікае жаданне сустрэцца з людзьмі, прыхаджанамі. Таму што адна з асноўных мэт — перадача Жыватворнага агню ад Гроба Гасподняга прыхаджанам, — расказаў ён. — Вядома ж, немалаважны аспект — гэта сустрэчы ва ўстановах адукацыі. Таму што пісьменнікі, паэты, якія таксама ўваходзяць у склад экспедыцыі, сваім трапным словам даносяць добрую вестку. І тэматыка ўсіх гэтых сустрэч — Дзень беларускага пісьменства. Пра слова, пра першую кнігу — Біблію — гавораць на працягу ўсіх гэтых дзён».
У завяршальны дзень экспедыцыі яе ўдзельнікі правядуць шэраг мерапрыемстваў. Гэта хрэсны ход, сустрэчы ў школах, а таксама размовы з пажылымі людзьмі і людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці здароўя. Акрамя гэтага, на тэрыторыі Свята-Крыжаўзвіжанскага храма з’явіцца сад Малітвы.
«У 2020 годзе, калі Дзень беларускага пісьменства праходзіў у Бялынічах, удзельнікі экспедыцыі заклалі алею з рабін на тэрыторыі храма. І ўсе дрэвы прыжыліся. Сёння мы прадоўжым гэту добрую традыцыю», — адзначыў Антон Лабаноўскі.
Як адзначыў кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Лапата-Загорскі, само прызначэнне Дня беларускага пісьменства — абуджаць любоў да беларускага слова, літаратуры. «І гэта павінна культывавацца. І калі культываваць толькі ў сталіцы Дня беларускага пісьменства і адзін дзень — гэтага мала, — гаворыць ён. — Мы спыняемся ў кожным раёне, і ўсе нашы мерапрыемствы накіраваны на папулярызацыю свята. І мы лічым, што гэта сапраўды прыносіць аддачу».






