Сімвал нязгаснай памяці. Вечны агонь на плошчы Перамогі
3 ліпеня 1961 г. на плошчы Перамогі ў Мінску запалены Вечны агонь — сімвал памяці народа аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.
Агонь запаліў Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін г.Мінска А.С.Бурдзейны*.
Для цырымоніі агонь прывезлі з Ленінграда, дзе на Марсавым полі гарэў першы ў Савецкім Саюзе Вечны агонь.
Ад полымя каля манумента Перамогі запальвалі іншыя Вечныя агні ў краіне. Сярод іх — полымя памяці ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Абеліск на плошчы Перамогі
Велічны манумент устаноўлены на плошчы ў 1954 г.
Вышыня — 38 м, абліцаваны шэрым гранітам.
Вянчае абеліск выява ордэна Перамогі.
Чатыры грані пастамента абеліска аформлены бронзавымі гарэльефамі: «9 мая 1945 г.», «Слава загінулым героям», «Савецкая армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Партызаны Беларусі».
Як сімвал Перамогі на базе абеліска ляжыць меч, абвіты лаўровай бронзавай галінкай.
Вакол абеліска — чатыры бронзавыя вянкі, якія сімвалізуюць чатыры фронты**, байцы якіх прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі.
Па абодва бакі цырыманіяльнай пляцоўкі размяшчаюцца 12 тумбаў з зямлёй з гарадоў-герояў.
Плошча Перамогі — месца агульнай памяці, пакланення і ўдзячнасці пакаленняў.
Пост №1
З 3 ліпеня 1984 г. школьнікі Мінска нясуць Ганаровую вахту памяці на Пасту №1 каля Вечнага агню ў час знакавых дат у краіне: у Дзень Незалежнасці, Дзень народнага адзінства, Дзень Перамогі.
*З чэрвеня 1944 г. пад кіраўніцтвам А.С.Бурдзейнага 2-і гвардзейскі Тацынскі танкавы корпус у складзе 31-й арміі 3-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у аперацыі «Баграціён». 4-я гвардзейская танкавая брыгада, якая ўваходзіла ў склад корпуса, 3 ліпеня 1944 г. першай увайшла ў Мінск і завязала баі за вызваленне беларускай сталіцы.
**1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты, якія вызвалялі Беларусь.
Крыніцы: адкрытыя крыніцы.






