Беларускі кідальнік кап’я Каткавец перамог на турніры ў Маскве
Скрыншот відэа «Беларусь 5» 4 чэрвеня, Мінск . У Маскве стартавала серыя міжнародных спаборніцтваў «Тыдзень лёгкай атлетыкі» з удзелам беларускіх спартсменаў,
Праграму спаборніцтваў адкрыў «Дзень кіданняў», удзельнікі разыгралі медалі ў кіданні дыска, молата і кап’я, а таксама ў штурханні ядра. Перамогу сярод кап’якідальнікаў атрымаў наш Аляксей Каткавец, які паслаў снарад на 83,03 м. Ні адзін з сапернікаў беларуса не пераадолеў адзнаку 75 м. У гэтым жа відзе праграмы ў жанчын Таццяна Халадовіч заняла другое месца з кідком на 57,91 м. Перасягнуць паказчык нашай спартсменкі змагла расіянка Валерыя Бяздольная (59,06).
Таксама сярэбраныя медалі нашай камандзе прынеслі Алена Трус і Аляксандр Шымановіч. У жаночым штурханні ядра Трус стала другой з рэзультатам 17,62 м, на 38 см далей ядро адправіла кубінка Дыянэліс Дэліс. У мужчынскім кіданні молата другую пазіцыю Шымановічу прынесла спроба на 75,84 м. Поспех у гэтым відзе святкаваў Валерый Пронкін з Расіі (79,09 м).
Сярод кідальнікаў дыска беларус Яўген Багуцкі спыніўся за крок ад тройкі прызёраў. Таксама ў сектары на «Дні кіданняў» выходзілі прадстаўнікі Румыніі, Францыі, Бразіліі, Калумбіі, Нігерыі і Егіпта. 5 чэрвеня Масква прыме традыцыйны мемарыял братоў Знаменскіх, на дарожках выступяць чацвёра нашых бегуноў. 7 чэрвеня ў расійскай сталіцы адбудзецца «Дзень скачкоў» з удзелам трох беларускіх лёгкаатлетаў.





