Незалежнае, непрадузятае, аб’ектыўнае. Як прадстаўнікі Беларусі назіраюць за выбарамі ў Расіі
20 верасня, Масква /Эдуард Півавар . Прадстаўнікі Беларусі актыўна ўдзельнічаюць у назіранні за ходам парламенцкіх выбараў у Расіі,
Маніторынг ажыццяўляюць члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, беларускія дыпламаты, прадстаўнікі ЦВК Беларусі. Яны запрошаны як на двухбаковай аснове, так і ў складзе місій назірання ад СНД, ШАС, АДКБ.
Прадстаўнік Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Віктар Нікалайкін — каардынатар дэлегацыі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў складзе Місіі наглядальнікаў СНД. Ён расказаў, што сёння наведаў каля 10 выбарчых участкаў, а да гэтага працаваў у Маскоўскай вобласці. «Наша асноўная місія — незалежнае, аб’ектыўнае назіранне, — падкрэсліў ён. — Мы назіраем за адпаведнасцю выбараў у Дзяржаўную думу Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі і выбарчаму праву».
Парламентарый адзначыў, што выбаршчыкі прыходзяць на ўчасткі з добрым настроем. Пры гэтым ён дадаў, што ў грамадзян у шэрагу рэгіёнаў ёсць выбар: асабіста прыйсці на ўчастак або прагаласаваць дыстанцыйна.
Віктар Нікалайкін таксама звярнуў увагу на пашырэнне правоў грамадзян у Саюзнай дзяржаве: грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расіі, атрымалі магчымасць прымаць удзел у выбарах мясцовых органаў улады. «Мы ў Парламенцкім сходзе былі ініцыятарамі гэтага», — канстатаваў ён.
У Місію наглядальнікаў ад СНД таксама ўваходзіць саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Дар’я Шманай, якая ўказала на важнасць таго, каб выбары прайшлі ў штатным рэжыме. «Мы бачым, што выбаршчыкі даволі спакойна, актыўна прыходзяць на ўчасткі, — сказала яна. — Мы як прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, як дыпламатычны корпус, безумоўна, будзем працаваць з любым складам Дзяржаўнай думы. Спакойная абстаноўка на ўчастках, актыўнасць выбаршчыкаў — усё гэта сведчыць аб тым, што людзі падтрымліваюць палітычны курс краіны».
Саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Ірына Акуловіч, якая ўваходзіць у Місію назірання ад СНД, падкрэсліла: «Мы не маем права ўмешвацца ў выбары. Я проста хачу нагадаць выбары, якія былі ў Беларусі ў 2020 годзе, і як паводзілі сябе заходнія дыпламаты, якія былі на той момант акрэдытаваны ў нас: гэта былі людзі, якія не назіралі за выбарамі, а актыўна ў іх умешваліся. Дык вось, зразумела, Беларусь ніколі не паводзіла сябе такім чынам».


Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Міхаіл Русы ў складзе Місіі наглядальнікаў ад СНД знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. «Людзі ідуць галасаваць спакойна, упэўнена і дастойна. Яны ведаюць, чаго хочуць, разумеюць парадак галасавання і знаёмы са сваімі кандыдатамі. Гэта сведчыць аб тым, што падрыхтоўчая работа праведзена на высокім прафесійным узроўні», — расказаў ён журналістам.
На замежных участках у Беларусі — у Мінску, Віцебску, Гомелі, Гродне і Магілёве — працуюць члены Савета Рэспублікі Аляксандр Лук’янаў, Глеб Лапіцкі і дэпутаты Юрый Панфілаў, Сяргей Казачок, Антон Кулісевіч, Наталля Куляшова. Як адзначыў Аляксандр Лук’янаў, на ўчастках у Беларусі забяспечаны строгі кантроль за выкананнем электаральнага заканадаўства, абсалютная празрыстасць працэдур і максімальная зручнасць для галасуючых.
Фота БЕЛТА, Пасольства Беларусі ў Расіі, скрыншот відэа Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь




