Уборачная кампанія, падрыхтоўка да навучальнага года. Сергяенка пра задачы дэпутатаў у час работы ў акругах
Ігар Сергяенка 15 ліпеня, Мінск . Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з 20 па 24 ліпеня будуць працаваць у сваіх акругах. У сувязі з гэтым старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка абазначыў для іх асноўныя задачы,
«Дэпутаты жывуць жыццём краіны, сваіх рэгіёнаў, выбаршчыкаў, працоўных калектываў, якія аказалі ім давер быць прадстаўленымі ў дэпутацкім корпусе Палаты прадстаўнікоў. Таму сёння пастаўлены задачы перад выездам на месцы», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Паводле яго слоў, перш за ўсё трэба пільна паглядзець на ўборачную кампанію, бо ад яе паспяховасці непасрэдна залежыць харчовая бяспека краіны. «Вы не павінны ўмешвацца ў работу мясцовых улад або сельгаспрадпрыемстваў, але валодаць сітуацыяй, рэагаваць на факты безгаспадарчасці неабходна. Дысцыпліна павінна быць ідэальная», — падкрэсліў ён.
Звярнуць увагу трэба на выкананне тэхналагічных працэсаў і тэрмінаў уборкі збожжавых, гатоўнасць тэхнікі і зернесушыльных комплексаў, аператыўнасць пастаўкі запчастак, абслугоўванне камбайнаў у палях, забяспечанасць гаспадарак вопытнымі механізатарамі. Дэпутатам трэба будзе вывучыць вопыт работы райаграсэрвісаў. У цэнтры ўвагі будуць і ўмовы працы работнікаў, занятых на ўборцы. «Самае галоўнае — гэта людзі, якія заняты на ўборцы. Іх умовы працы — гарачае харчаванне, спецадзенне, медыцынскае забеспячэнне. Важна своечасовая ацэнка працы. Калі ў гэтым ёсць неабходнасць, мы бачым, што актыўна падключаецца Федэрацыя прафсаюзаў (да заахвочвання работнікаў. — Заўвага БЕЛТА), — сказаў Ігар Сергяенка. — У грамадстве важна фарміраваць паважлівыя адносіны да чалавека працы. Калі трэба некага адзначыць, заахвоціць, то гэта ініцыятыва будзе падтрымана».

Ігар Сергяенка адзначыў, што асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць аператыўнаму рэагаванню на інфармацыю ў сацыяльных сетках, часта недзе сітуацыя згушчаецца штучна. Ён нацэліў дэпутатаў сустракацца з працоўнымі калектывамі, уважліва вывучаць звароты грамадзян, даводзіць аб’ектыўную інфармацыю.
Таксама сярод задач дэпутатаў — прасачыць, як ідзе падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года, з акцэнтам на рамонтна-гаспадарчыя работы, падрыхтоўку харчаблокаў, сістэм ацяплення, добраўпарадкаванне прышкольных тэрыторый, а таксама кадравае забеспячэнне. Трэба вывучыць асартымент школьных тавараў і цэны на іх.
Ён нагадаў, што дэпутаты — актыўныя ўдзельнікі дабрачыннай акцыі Беларускага Чырвонага Крыжа «Збяром дзяцей у школу». У кожнага на ўліку ёсць шматдзетныя сем’і, выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, іншых сацыяльных устаноў. І ім варта ацаніць, каму яшчэ неабходна дапамога.
Дэпутаты звернуць увагу на арганізацыю летняга аздараўлення дзяцей. Ці задаволены самі дзеці, ці ёсць пытанні з кадравым забеспячэннем, развіццём творчых здольнасцей і сацыялізацыяй падлеткаў, як пабудавана выхаваўчая работа, у прыватнасці патрыятычнае выхаванне.
Вывучаць дэпутаты і арганізацыю пакосу пустазелля на землях агульнага карыстання. Ігар Сергяенка адзначыў, што старшыні сельскіх выканкамаў скардзяцца на складаную працэдуру і высокія цэны. У мінулым годзе яны маглі наймаць касцоў па дагаворах. Сёння выкананне гэтых работ павінна ажыццяўляцца праз дзяржзакупкі на электроннай гандлёвай пляцоўцы з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу. У выніку многія мясцовыя жыхары, якія падзараблялі на пакосе, аказаліся без магчымасці падзарабіць. Работы выконваюцца пераважна спецыялізаванымі арганізацыямі рознай формы ўласнасці. Але цэны выраслі ў разы. «А гэта ж бюджэтныя грошы. Паглядзіце ўважліва на сітуацыю ў вашых акругах, ці ёсць сапраўды праблема», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.
Фота Сяргея Шэлега






