Без начных замаразкаў не абыдзецца, але днём будзе да +17°С. Сіноптыкі аб надвор’і ў бліжэйшыя дні
15 кастрычніка, Мінск . Аб тым, як доўга прадоўжыцца прыемнае асенняе надвор’е без моцных дажджоў, расказалі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«У бліжэйшы час метэаралагічныя ўмовы ў Беларусі істотна не зменяцца: ападкаў мала, днём цёпла да 17 градусаў, а ноччу і раніцай замаразкі ад нуля да мінус 3 градусаў і туманы. Такія сінаптычныя ўмовы прадоўжаць забяспечваць грабяні высокага ціску: спачатку ад далёкага азіяцкага барычнага максімуму, а затым ад скандынаўскага антыцыклону. Менавіта яны будуць накіроўваць усе свае намаганні на падтрыманне прыемнага асенняга надвор’я, па тэмпературных паказчыках больш адпаведнага канцу верасня — пачатку кастрычніка, пры гэтым усяляк стараючыся засцерагчы беларускія краі ад уплыву непагодлівых цыклонаў. Таму ёсць магчымасць палюбавацца ціхай залатой восенню. Яна пераступіла ўжо экватар, і калі сёння працягласць светлавога часу складае 10,5 гадзіны, то да канца кастрычніка яна зменшыцца да 9,5 гадзіны. У наступныя 6 сутак пры павышаным фоне атмасфернага ціску ападкаў у Беларусі чакаецца няшмат, толькі ў асобных раёнах, дзе праявіцца ўплыў няўстойлівых паветраных мас і малаактыўных франтальных раздзелаў, пройдуць кароткачасовыя дажджы (ад невялікіх да ўмераных). Разам з тым начныя мінімумы будуць вагацца ад 1 да 11 градусаў; пры праясненнях месцамі, а 16 кастрычніка (пятніца) па поўначы ў многіх раёнах чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 3 градусаў. Дзённыя максімумы будуць знаходзіцца ў межах ад 8 да 17 градусаў. У начны і ранішні час у вільготным паветры месцамі, а 16 кастрычніка (пятніца) на большай частцы тэрыторыі краіны будуць згушчацца туманы. У сувязі з пагрозай замаразкаў і туманаў у начны і ранішні час 16 кастрычніка складзены папярэджанні аб неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах», — падзяліліся прагнозам сіноптыкі.
У пятніцу, 16 кастрычніка, пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём месцамі па паўднёвым усходзе краіны пройдуць невялікія дажджы. У начны і ранішні час на большай частцы тэрыторыі магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль, месцамі, а па поўначы ў многіх раёнах чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў. Днём будзе плюс 9-15, месцамі па ўсходзе — да плюс 17.
У суботу, 17 кастрычніка, ноччу ў некаторых раёнах па паўднёвым усходзе, днём месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе ад плюс 1 градуса па паўночным захадзе да плюс 11 градусаў па паўднёвым усходзе, пры праясненнях замаразкі ад нуля да мінус 3 градусаў. Днём будзе 9-15 градусаў цяпла, у паўднёва-ўсходніх раёнах месцамі — да плюс 17.
У нядзелю, 18 кастрычніка, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 4-11 градусаў цяпла. Днём будзе ад плюс 9 градусаў па паўночным захадзе да плюс 18 градусаў па паўднёвым усходзе.
У панядзелак-аўторак, 19-20 кастрычніка, месцамі, пераважна па паўднёвай палове краіны, пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 3-10 градусаў вышэй за нуль, па поўначы — плюс 1-2, пры праясненнях замаразкі ад нуля да мінус 1 градуса. Днём будзе 8-15 градусаў цяпла.
У сераду, 21 кастрычніка, будзе пераважна без ападкаў, толькі па поўдні краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у некаторых раёнах будзе слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 1-8 градусаў цяпла, месцамі чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў. Днём — плюс 10-17.
*Больш актуальнай і цікавай інфармацыі аб надвор’і глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на videobel.by.





