Культура

Фільмы з 55 краін стануць удзельнікамі конкурсных паказаў на кінафестывалі «Лістапад»

15 кастрычніка, Мінск . XXХII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лiстапад» пройдзе з 30 кастрычніка па 6 лістапада пад слоганам «Глядзі. Жыві. Шануй». Аб гэтым журналістам расказала начальнік аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга,

«Для ўдзелу ў конкурсных паказах кінафестывалю прыйшло больш за 3300 заявак з 108 краін. Іх удзельнікамі стануць больш як 130 фільмаў з 55 краін. Што цікава, фестываль захоўвае і выкрышталізоўвае свой твар. Мы паказваем кіно краін постсацыялістычнай прасторы, але таксама пашыраем гарызонты і хочам спецыялізавацца на фільмах з краін Азіі і Афрыкі, якія не даходзяць да еўрапейскіх фестываляў. А ў нас яны ствараюць асаблівую палітру, праграму «з духмянасцю ванілі», — адзначыла Ірына Дрыга.
«Упершыню прадстаўлена М’янма. У фільме, які я паглядзела, акрамя добрай чалавечай гісторыі вельмі прыгожая аператарская работа. Бачна, што рэжысёр і аператар любяць сваю краіну і перадаюць гэта на экране. Таксама будуць работы з Камбоджы, Марока, Эквадора, Венесуэлы,Калумбіі, Кубы. Буйныя пазіцыі займаюць нашы пастаянныя сябры і партнёры: Кітай, Індыя, В’етнам. Нам вельмі прыемна, што тыя намаганні, якія прыкладае Міністэрства культуры і Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» па правядзенні дзён беларускага кіно ў іншых краінах і ўстанаўленні двухбаковых кантактаў, даюць свой плён. Нашы калегі даведваюцца больш пра Беларусь і актуальны стан нашага кінематографа і ў адказ імкнуцца прыехаць на беларускія фестывалі з рознымі фільмамі, гэта значыць кантакты з краінамі, кінематограф якіх мы бачылі ў савецкі час, аднаўляецца», — дадала яна.

Фільмам-адкрыццём стане беларуска-расійская кінастужка «Бацька Мінай. Партызанская легенда». Сам фільм удзельнічае і ў конкурсным паказе, на які прыедзе рэжысёр фільма, народны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Угольнікаў, акцёры і прадстаўнікі здымачнай групы.

Традыцыйна фестывальныя паказы пройдуць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах Беларусі. Пляцоўкай для цырымоній адкрыцця і закрыцця кінафестывалю стане кінатэатр «Масква». Яго прастора трансфармуецца ў незвычайную пляцоўку, дзе будуць працаваць зоны для фатаграфавання і інтэрв’ю, знаёмства і стасункаў з удзельнікамі.
«У час цырымоніі адкрыцця адбудзецца прэзентацыя журы і фільмаў. Гледачоў чакае цудоўная музыка і харэаграфічныя, творчыя нумары, прысвечаныя фільмам і юбілярам бягучага года. Цырымонія закрыцця пройдзе пад дэвізам «З любоўю з Беларусі». Будзе цікава, ярка, незвычайна», — анансавала Ірына Дрыга.

Мерапрыемствы фестывалю пройдуць таксама ў кінатэатрах «Беларусь», «Цэнтральны», «Перамога», «Піянер». Кінатэатр «Масква» стане пляцоўкай не толькі для цырымоній адкрыцця і закрыцця, конкурсных паказаў, але і пазаконкурсных праграм і сустрэч. 31 кастрычніка адбудзецца вечар памяці Віктара Турава, 2 лістапада — кінарэжысёра Тыграна Кеасаяна з паказам яго апошняй работы «Сем дзён Пятра Сямёныча». На мерапрыемстве будуць прадстаўнікі здымачнай групы і акцёры, якія здымаліся ў фільме.

У праграме — круглы стол па пытаннях супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне вытворчасці і пракату фільмаў, які пройдзе 31 кастрычніка пад эгідай і патранатам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 2 лістапада ў Выканкаме СНД адбудзецца круглы стол кіраўнікоў і прадстаўнікоў устаноў адукацыі краін СНД па пытаннях развіцця кінаадукацыі на тэрыторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

На базе Акадэміі мастацтваў, кінастудыя «Беларусьфільм» і БДУКМ пройдуць творчыя сустрэчы, майстар-класы з гасцямі і ўдзельнікамі кінафестывалю. Беларуская моладзь зможа пераняць перадавы вопыт лепшых кінематаграфістаў.
«Мы пастараемся, каб і беларускія кінематаграфісты, і замежныя госці адчувалі сябе на фестывалі як дома, для іх прадугледжана і экскурсійная праграма, і магчымасць пагутарыць у рамках паказаў і Дзён нацыянальнага кіно. У Год беларускай жанчыны яны будуць прысвечаны жаночаму погляду на кінематограф. Свае фільмы прадставяць Беларусь, Расія, Казахстан, Пакістан. Гэта будуць фільмы, створаныя рэжысёрамі-жанчынамі, або фільмы, якія прысвечаны жанчынам-гераіням з цікавым лёсам», — дадала Ірына Дрыга.

Продаж білетаў пачнецца на наступным тыдні.
Фота Раміля Насібуліна

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»