«Сустрэча стала сапраўдным матыватарам». Першай госцяй праекта «Жанчына.by» ў ГрДУ стала Вольга Чупрыс
Фота ГрДУ імя Янкі Купалы Навіны сюжэта «Маладзёжная палітыка Беларусі » «Адзінства пачынаецца з кожнага з нас». У Крычаве моладзь абмеркавала каштоўнасці свята на акцыі «Беларусь адзіная» Нацбанк праводзіць конкурс работ па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў і магістрантаў 14 верасня, Гродна . У Год беларускай жанчыны з сустрэчы з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта доктарам юрыдычных навук Вольгай Чупрыс стартавала ў ГрДУ імя Янкі Купалы работа дыскусійнага клуба «Жанчына.by»,
Новая ініцыятыва павінна пазнаёміць студэнцкую моладзь з вядомымі жанчынамі нашай краіны, якія дасягаюць вышынь у розных сферах дзейнасці, паспяхова спалучаюць прафесійную дзейнасць і грамадскую актыўнасць з сям’ёй і мацярынствам.
«Дыскусійны клуб, які створаны ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце па ініцыятыве студэнтаў дае магчымасць маладым людзям глыбей зразумець і палюбіць нашу краіну. Бо кожная сям’я — у чымсьці правобраз сваёй краіны, а краіна ў цэлым — вялікая сям’я. Гэта падобныя з’явы. І ў сям’і, і ў дзяржаве ідуць падобныя працэсы. І цэнтрам сям’і з’яўляюцца жанчыны. Невыпадкова кіраўнік дзяржавы ўдзяляе вельмі шмат увагі гэтым тэмам, і ва ўсіх іспастасях жанчына ў нашай краіне адчувае сябе ўпэўнена, спакойна», — лічыць першая госця новага праекта Вольга Чупрыс, якая з задавальненнем адгукнулася на запрашэнне, таму што ёй ёсць чым падзяліцца са студэнтамі.
Спікер адзначыла, што паколькі сустрэча праходзіць у рамках дыскусійнага клуба, ёй важна не толькі данесці да моладзі сваё меркаванне па актуальных пытаннях, але і даведацца, што думаюць студэнты. Асяроддзе ВНУ для яе роднае і блізкае, і важная частка работы — падтрымліваць сувязі з моладдзю, ведаць яе погляды, планы, ідэі, знаходзіць агульнае і рухацца наперад разам.
На сустрэчы Вольга Чупрыс прывяла лічбы і факты, якія прадстаўляюць ролю жанчыны ў жыцці беларускага грамадства. У агульнай колькасці жыхароў нашай краіны жанчыны складаюць 53,9%. У гарадах пражываюць 80% жанчын, 20% — жыхаркі сельскай мясцовасці. Сярод кіруючых кадраў амаль палавіну складаюць жанчыны. Менавіта яны пераважаюць у такіх сферах, як ахова здароўя, адукацыя, фінансавая, навукова-тэхнічная дзейнасць. У ліку вучоных жанчын 38%, сярод кандыдатаў навук — 40%, сярод дактароў навук — каля 20%.
Перад сустрэчай студэнты азнаёміліся з біяграфіяй госці і нават падрыхтавалі відэаролік, які прадстаўляе гераіню праекта. І ўсё ж пытанняў было шмат. Юнакоў і дзяўчат цікавіла тое, як прайсці шлях ад выпускніка ВНУ да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, як паспяхова сумяшчаць працу на высокай і адказнай пасадзе з выкладчыцкай работай у Белдзяржуніверсітэце. Маладыя людзі пыталіся аб тым, ці лёгка знаходзіць агульную мову са студэнтамі, як спалучаць работу і выхаванне дзяцей. Цікавіліся меркаваннем госці па актуальных тэмах развіцця нашай краіны, ролі і магчымасцей моладзі.
«Гонар бярэ, што ў нашым універсітэце стартаваў такі праект, а студэнты сталі яго ініцыятарамі. І ўжо на першай сустрэчы ў нас госць такога ўзроўню. Гэта вельмі цікава і павучальна для моладзі. Асабіста мяне гэта сустрэча вельмі натхніла, Вольга Іванаўна сваім прыкладам паказала, што можна сумяшчаць і сямейны быт, і дзяржаўную службу, і дабівацца поспеху», — падзялілася ўражаннем студэнтка педагагічнага факультэта ГрДУ Мар’я Мацюк.
Яе падтрымала старшыня студэнцкага савета ВНУ Карына Місцюк. «Гэты медыйны камунікацыйны праект дапаможа нашай моладзі азнаёміцца з сапраўды яркімі, дастойнымі жанчынамі Беларусі, лідарамі ў сферы кіравання, у навуцы, адукацыі і культуры. Першая сустрэча з Вольгай Чупрыс паказала высокі патэнцыял ініцыятывы. Мы атрымалі магчымасць даведацца пра ўнікальны вопыт жанчыны, якая дасягнула высокіх рэзультатаў і ў акадэмічнай сферы, і ў сферы кіравання, і стала маці трох сыноў. Гэта вельмі натхняе і служыць нам прыкладам”, — лічыць дзяўчына.
Сустрэча прайшла ў давернай, дружалюбнай атмасферы. Пытанні задаваліся без купюр, адказы гучалі шчырыя і сумленныя. Стартавая сустрэча ў дыскусійным клубе ГрДУ «Жанчына.by» яскрава прадэманстравала, што такія гутаркі маюць вялікі патэнцыял, каб служыць для моладзі матыватарамі.
Фота ГрДУ імя Янкі Купалы






