Эканоміка

Штучны інтэлект павінен стаць інструментам росту прадукцыйнасці ў ЕАЭС — Турчын

Аляксандр Турчын 2 кастрычніка, Мінск . Штучны інтэлект павінен стаць інструментам росту прадукцыйнасці ў ЕАЭС. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе,

«Краіны ЕАЭС ужо абазначылі агульную пазіцыю па адказным развіцці штучнага інтэлекту. Наступны крок — перайсці да прамысловых «пілотаў». Найбольш перспектыўна выкарыстоўваць ШІ там, дзе эфект можна вымераць: у кантролі якасці, прагназаванні стану абсталявання, аптымізацыі вытворчых рэжымаў, кіраванні запасамі і энергаспажыванні», — сказаў Аляксандр Турчын.
Ён заклікаў не спаборнічаць у колькасці такіх праектаў. «Неабходныя рашэнні, якія зніжаюць сабекошт, скарачаюць прастоі і даюць магчымасць ствараць новую канкурэнтаздольную прадукцыю. Беларусь валодае неабходным патэнцыялам для ўдзелу ў гэтай рабоце, аб’ядноўваючы кампетэнцыі рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, акадэмічнай навукі і ІТ-падраздзяленняў буйных прамысловых флагманаў», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Сярод іншых яго прапаноў — ператварыць транспартныя калідоры ў лічбавыя вытворча-лагістычныя ланцужкі. «Лагістыка — крывяносная сістэма прамысловасці. Не выпадкова сёння тры пытанні, якія вызначаны да разгляду, нацэлены на развіццё еўразійскіх транспартных калідораў», — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
У ЕАЭС фарміруюцца элементы лічбавага асяроддзя: укараняюцца навігацыйныя пломбы, развіваецца электронны абмен данымі, праводзіцца работа па лічбавізацыі мультымадальных перавозак. Наступная задача — злучыць гэтыя рашэнні. «Неабходна пераходзіць да мадэлі, пры якой рух тавару, кампанентаў і суправаджальных дакументаў ажыццяўляецца ў адзіным лічбавым інфармацыйным асяроддзі на ўсім маршруце: прасочванне руху кампанентаў, скарачэнне часу мытных працэдур, зніжэнне рызыкі затрымак, кантроль усяго ланцужка паставак», — зрабіў акцэнт Аляксандр Турчын. Яшчэ адна важная тэма — абарона ўнутранага рынку ЕАЭС. «На працягу апошніх некалькіх гадоў назіраецца ўстойлівы рост інтарэсу да рынку ЕАЭС з боку трэціх краін. Гэта выяўляецца ў паступовым нарошчванні аб’ёмаў паставак, што аказвае адчувальны канкурэнтны націск на айчынных вытворцаў у шэрагу галін. У ЕАЭС прадугледжаны розныя механізмы для абмежавання імпарту замежных тавараў, калі такі імпарт нясе істотныя рызыкі для суб’ектаў гаспадарання дзяржаў — членаў саюза. Аднак нярэдка краіны ўводзяць аднабаковыя нетарыфныя меры, паколькі ўвядзенне абароны на пяць краін — гэта, як правіла, больш працяглая і складаная працэдура. Дык можа нам варта хутчэй разгортвацца на пяць краін, а не прадаўжаць сегментавацца ў нацыянальным фармаце?» — задаў пытанне прэм’ер-міністр.
Дзейсным інструментам па абароне таксама з’яўляюцца меры тэхнічнага рэгулявання. Як падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада, ЕЭК павінна аб’яднаць усе краіны-ўдзельніцы і выпрацаваць узгодненыя падыходы ў сферы стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці і кантролю якасці.
Фота Андрэя Сіняўскага

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»