Беларусь застаецца знешнеэканамічным партнёрам №1 для Башкортастана — старшыня Курултая
27 кастрычніка, Мінск . Сумесныя праекты і абмен вопытам у сферы парламентарызму — гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі на сустрэчы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка і старшыня Дзяржаўнага сходу — Курултая Рэспублікі Башкортастан Андрэй Назараў,
Як адзначыў Раман Галоўчанка, які знаходзіцца з рабочым візітам у Рэспубліцы Башкортастан, у Беларусі парламентарыі з’яўляюцца актыўнай часткай палітычнай сістэмы краіны.
«Кіраўнік дзяржавы шмат увагі ўдзяляе рабоце народных выбраннікаў усіх узроўняў, ускладаючы на іх дадатковыя паўнамоцтвы. Яны непасрэдна ўключаны ў жыццё рэгіёнаў, у вырашэнне праблем, якія хвалююць насельніцтва, садзейнічаюць устойлівай рабоце прадпрыемстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі і сферы абслугоўвання», — расказаў кіраўнік Нацбанка.
Ён таксама падкрэсліў, што ў Башкортастане набыты каштоўны вопыт парламентарызму і выказаў упэўненасць, што ўрад гэтага суб’екта РФ прадоўжыць курс на развіццё адносін з Беларуссю.
Андрэй Назараў у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь застаецца знешнеэканамічным партнёрам №1 для Башкортастана.
«У нас шмат сумесных праектаў у сферы эканомікі, яны эфектыўныя і даюць добры вынік для абодвух бакоў. Паміж нашымі раёнамі і гарадамі развіваюцца пабрацімскія адносіны — падпісана дзевяць такіх пагадненняў. Наладжаны дзіцячы абмен па праекце «Сіла адзінства». Гэтыя напрамкі прапануем і далей развіваць», — падкрэсліў Андрэй Назараў, адзначыўшы асаблівую важнасць давядзення да лагічнага завяршэння праекта федэральнага закона аб спецыяльным рэжыме Саюзнай дзяржавы, што дасць магчымасць Беларусі ўмацаваць партнёрства не толькі з Башкортастанам, але і з іншымі рэгіёнамі Расіі.
Фота Таццяны Матусевіч






