Прамыя авіярэйсы, медыцына. Рыжанкоў і кіраўнік МЗС В’етнама разгледзелі гуманітарны парадак дня супрацоўніцтва
Фота з архіва 28 кастрычніка, Мінск . Супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы садзейнічае ў цэлым пашырэнню беларуска-в’етнамскіх кантактаў. Важнасць гэтага была адзначана сёння на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, які наведвае з афіцыйным візітам Ханой, з яго в’етнамскім калегам Ле Хаай Чунгам, са спасылкай на беларускае знешнепалітычнае ведамства.
Міністры ўдзялілі асаблівую ўвагу пытанням гуманітарнага парадку дня. Яны падкрэслілі, што пашырэнню кантактаў у тым ліку садзейнічае запуск прамых авіязносін, уключаючы рэйсы з Мінска на Фукуок і ў Нячанг. Бакі адзначылі поспехі ў гуманітарнай сферы — ад рэалізацыі студэнцкіх абменаў па такіх напрамках, як медыцына, інжынірынг і IT, да аздараўлення в’етнамскіх дзяцей у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня».
Яны таксама далі высокую ацэнку культурнаму складніку двухбаковага супрацоўніцтва і ў ліку прыкладаў прывялі гастролі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў В’етнаме, а таксама дэманстрацыю в’етнамскіх фільмаў на бартах самалётаў авіякампаніі «Белавія».
У першы дзень візіту беларуская дэлегацыя на чале з Максімам Рыжанковым усклала вянкі да Манумента героям і загінулым воінам В’етнама, а таксама да Маўзалея Хо Шы Міна, ушанаваўшы памяць першага прэзідэнта краіны. Акрамя таго, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства даў інтэрв’ю вядучым в’етнамскім СМІ.
Прадстаўнікі кіраўніцтва міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі і прамысловасці ў сваю чаргу правялі сустрэчы ў профільных ведамствах В’етнама і з мясцовымі дзелавымі коламі.
Гэта першы візіт кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства ў Сацыялістычную Рэспубліку В’етнам за 12 гадоў. У складзе дэлегацыі таксама намеснікі міністраў аховы здароўя, адукацыі і прамысловасці.






