Грамадства

Рэлігійная рэліквія і шэдэўр ювелірнага мастацтва. Да 865-годдзя стварэння Крыжа Ефрасінні Полацкай

5 чэрвеня, Мінск . Сёння ў Беларусі адзначаюць дзве значныя падзеі — Дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай, асветніцы і кананізаванай святой, а таксама 865-годдзе стварэння Крыжа Ефрасінні Полацкай — адной з рэлігійных і нацыянальных святынь беларускага народа.

Нябесная заступніца зямлі беларускай

Прападобную Ефрасінню Полацкую аднолькава шануюць як праваслаўныя, так і католікі. Яна стала першай беларускай жанчынай, прылічанай да Сабору Святых. З яе імем звязана адкрыццё першых адукацыйных устаноў і бібліятэк, стварэнне школы архітэктуры і жывапісу, развіццё рамёстваў. Прападобная Ефрасіння — першая ігумення, першая настаўніца жанчын у таінствах духоўнага жыцця. Яна з’яўляецца ўвасабленнем такіх адвечных каштоўнасцей, як міралюбнасць, духоўнасць, адукаванасць і любоў да сваіх каранёў.

Асноўнай крыніцай інфармацыі аб жыцці беларускай святой з’яўляецца «Жыціе Ефрасінні Полацкай…», згодна з якім, яна нарадзілася каля 1101 года (не пазней за 1104) у Полацку Віцебскай вобласці.

Прападобная Ефрасіння Полацкая, якая да пострыгу насіла імя Прадслава, была прапраўнучкай святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра і дачкой полацкага князя Георгія (Святаслава) Усяславіча. З дзіцячых гадоў яна ўмела чытаць і пісаць, чытала Псалтыр, Святое Пісанне і іншыя духоўныя кнігі. У дванаццацігадовым узросце, даведаўшыся пра намер бацькоў аддаць яе замуж, тайна ўцякла ў манастыр да сваёй цёткі ігуменні манастыра, дзе і прыняла манаства пад імем Ефрасінні, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «радасць».

Пасля пострыгу ў манашкі, яна пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора. У манастыры Ефрасіння вяла Полацкі летапіс і збірала бібліятэку Сафійскага сабора, якая з цягам часу стала сапраўдным духоўным скарбам усходнеславянскіх зямель, што выклікае непадробнае захапленне як у сучаснікаў, так і ў наступных пакаленняў. Сваёй работай яна садзейнічала пашырэнню асветы ў Беларусі, але лёсам ёй было наканавана яшчэ не адно высокае служэнне.

Заснаванне жаночага манастыра

Полацкі епіскап Ілія афіцыйна благаславіў Ефрасінію на заснаванне жаночага манастыра, вызначыўшы для будучага манастыра месца Сяльцо недалёка ад Полацка, дзе знаходзілася царква Спаса і месца пахавання полацкіх епіскапаў. Ефрасіння пасялілася пры царкве Праабражэння для заснавання жаночага манастыра прыкладна ў 1128 годзе. Яна стала настаўніцай для многіх, хто выбраў манаскі шлях. Год за годам Спаса-Праабражэнскі манастыр пашыраўся і ўмацоўваўся. У далейшым ён стаў шырока вядомы ў полацкіх землях.

У манастыры на месцы былой драўлянай царквы Ефрасіння пачала будаўніцтва мураванага сабора, якое было завершана ў 1161 годзе.

Стварэнне Крыжа Ефрасінні Полацкай

Асаблівае месца ў гэтым храме было адведзена для захоўвання ўнікальнага напрастольнага крыжа, які Ефрасіння заказала ювеліру Лазару Богшу. Рэлігійная рэліквія была створана ў 1161 годзе — 865 гадоў таму.

Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай мае шасціканцовую форму, яго вышыня складае каля 52 см. У сярэдзіне крыжа размешчаны найвялікшыя святыні: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі крыві Збавіцеля, кавалачак каменя ад дамавіны Маці Божай, часціцы мошчаў Святога Сцяфана і Панцеляймона, кроў Святога Дзмітрыя. Аснова Крыжа, зробленая з кіпарысавага дрэва і абкладзеная залатымі і сярэбранымі пласцінамі, упрыгожана каштоўнымі камянямі і жэмчугам. На вонкавым баку ў тэхніцы перагародчатай эмалі, што сведчыць аб высокім майстэрстве ювеліра, устаўлены абразы Ісуса Хрыста, Прасвятой Багародзіцы, Іаана Прадцечы, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла, чатырох евангелістаў, нябесных заступнікаў заказчыцы і яе бацькоў. На адваротным баку крыжа пазначана імя стваральніка рэліквіі, а на бакавых тарцах размешчаны завяшчальны надпіс прападобнай Ефрасінні.

На працягу стагоддзяў крыж вандраваў па розных манастырах, некалькі разоў вяртаючыся ў Полацк, пакуль не быў страчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Існуюць розныя версіі адносна далейшага яго лёсу, аднак месцазнаходжанне рэлігійнай рэліквіі да гэтага часу застаецца адной з галоўных гістарычных загадак Беларусі.

У час святкавання тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы ў Беларусі ў 1992 годзе было вырашана ўзнавіць крыж. Ініцыятыва стала магчымай дзякуючы знаходцы ў 1950-я гады: гісторык і археолаг Л.В.Аляксееў выявіў у фотаархіве Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі (цяпер — Інстытут гісторыі матэрыяльнай культуры РАН) фотанегатывы Ефрасіннеўскага Крыжа, зробленыя ў 1896 годзе ў Полацку.

24 жніўня 1997 года Мітрапалітам Філарэтам была асвячона копія Крыжа Ефрасінні Полацкай, якая цяпер захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскім саборы Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра.

Адкрыццё мужчынскага манастыра і паломніцтва на Святую зямлю

Скончыўшы будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага манастыра, Ефрасіння пачала будаўніцтва мураванай царквы ў гонар Прасвятой Багародзіцы, пры якой адкрыла Багародзіцкі мужчынскі манастыр.

У манастырах, заснаваных Ефрасінняй, існавалі іканапісныя майстэрні, дзе вырабляліся аправы для абразоў і іншыя царкоўныя рэчы, дзейнічалі майстэрні па перапісванні кніг. Пры манастырах функцыянавалі школы, у якіх вывучалі як свецкія, так і духоўныя дысцыпліны (чытанне, пісьмо, нотную грамату, грэчаскую мову).

Будучы ў паважным узросце, Ефрасіння адправілася ў пешае паломніцтва на Святую зямлю. Дабраўшыся да святых для хрысціян мясцін, яна правяла свае апошнія дні ў Іерусаліме, дзе памерла ад хваробы ў 1167 або ў 1173 годзе.

Ефрасіння была пахавана недалёка ад Іерусаліма ў манастыры Святога Феадосія. У 1187 годзе яе астанкі былі перапахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе яны захоўваліся больш за сем стагоддзяў. У 1910 годзе адбылося ўрачыстае перанясенне святыні з Кіева ў Полацк. У ХХ стагоддзі мошчы прападобнай некалькі разоў вывозілі з Полацка па розных прычынах. З 1943 года і да гэтага часу яе мошчы захоўваюцца ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.

Жыццё прападобнай з’яўляецца ўзорам набожнасці, а яе падзвіжніцкая дзейнасць прасякнута любоўю да бліжняга, міласэрнасцю і самаадданасцю. Вобраз Ефрасінні Полацкай і ў нашы дні застаецца сімвалам духоўнай сілы нацыі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»