Подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці аб’ядноўвае нашы краіны агульнай памяццю — старшыня Мажыліса парламента Казахстана
Ерлан Кашанаў 22 чэрвеня, Мінск . Подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці аб’ядноўвае краіны былога СССР агульнай памяццю. Аб гэтым заявіў старшыня Мажыліса парламента Казахстана Ерлан Кашанаў у час пленарнага пасяджэння ІІ Міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня» ў Брэсце,
«85 гадоў таму такой жа ціхай летняй раніцай фашысцкія войскі напалі на СССР. Першымі, хто мужна прыняў гэты вераломны ўдар, былі абаронцы Брэсцкай крэпасці. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна — адна з самых трагічных і адначасова гераічных старонак гісторыі нашых дзяржаў. Прыемна, што нашы народы свята захоўваюць памяць пра яе, — сказаў Ерлан Кашанаў. — Подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці аб’ядноўвае нашы краіны агульнай памяццю».
Ён таксама адзначыў тое, што Брэсцкую крэпасць абаранялі воіны, прызваныя з усіх куткоў СССР. Так, з 7 тыс. ваенных Брэсцкага гарнізона каля 1 тыс. былі салдатамі з Казахстана. Ерлан Кашанаў выказаў шчырую ўдзячнасць калектыву мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» за вялікую работу па захаванні памяці аб подзвігу абаронцаў крэпасці. Акрамя таго, больш як 1,5 тыс. казахаў змагаліся ў складзе 65 беларускіх партызанскіх брыгад і атрадаў. «Паводле ацэнкі гісторыкаў, у баях за вызваленне Беларусі ўдзельнічалі больш як 120 тыс. казахстанцаў. Кожны пяты з іх пахаваны на беларускай зямлі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя на беларускай зямлі, звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 84 казахстанцы. Мы шчыра ўдзячны братэрскаму беларускаму народу і кіраўніцтву краіны за захаванне памяці аб нашых земляках», — адзначыў Ерлан Кашанаў.
Асобна старшыня Мажыліса Парламента Казахстана спыніўся на рабоце пошукавых атрадаў Беларусі і Казахстана. Дзякуючы іх самаадданай рабоце былі знойдзены астанкі больш як 250 казахстанцаў, якія загінулі на беларускай зямлі. Але Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне кавалася не толькі на перадавой. Яна нараджалася ў цэхах, заводах, на шахтах, чыгунках і бязмежных палях тылу. «Казахстан унёс каласальны ўклад у забеспячэнне фронту нафтапрадуктамі і палівам, вугалем, свінцом, іншымі металамі, прадуктамі харчавання. Сямі гарадам Казахстана прысвоена званне горада працоўнай славы. Акрамя таго, у цяжкія гады вайны Казахстан прыняў больш як паўмільёна эвакуіраваных грамадзян, у тым ліку больш як 110 тыс. жыхароў Беларусі. Гэтыя прыклады спачування і салідарнасці з’яўляюцца важнейшай духоўнай спадчынай нашых народаў», — падкрэсліў палітык.
Фота Андрэя Сіняўскага






