Мінсувязі ўдакладніла патрабаванні пры падключэнні паслуг мабільнага інтэрнэту звыш тарыфнага плана
Фота з архіва 11 лістапада, Мінск . У Беларусі ўдакладнены патрабаванні да аказання паслуг перадачы даных аператарамі сотавай сувязі. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 30 кастрычніка 2026 года №15, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсувязі.
Скарэкціравана пастанова ведамства ад 22 снежня 2025 года №38. Змяненні ўнесены ў сувязі са зваротамі грамадзян па пытаннях падключэння паслуг перадачы даных звыш аб’ёму, устаноўленага тарыфным планам. Яны накіраваны на стварэнне справядлівых умоў іх падключэння для абароны правоў спажыўцоў і выключэння неабгрунтаваных спісанняў.
«Пастановай прадугледжваецца, што ў сетках аператараў сотавай сувязі прадастаўленне паслуг перадачы даных звыш аб’ёму, устаноўленага тарыфным планам, не можа ажыццяўляцца ў аўтаматычным рэжыме і без папярэдняй згоды абанента», — растлумачылі ў прэс-службе.
Згода можа быць прадастаўлена некалькімі спосабамі. Адзін з іх — прастаўленне адзнакі ў асабістым кабінеце абанента на афіцыйным сайце аператара электрасувязі, пастаўшчыка паслуг электрасувязі ў сетцы Інтэрнэт (мабільным дадатку). Таксама гэта можа быць USSD-запыт або СМС-паведамленне без выкарыстання апаратна-праграмных сродкаў, якія даюць магчымасць аўтаматычна фарміраваць і накіроўваць USSD-запыты ці СМС-паведамленні. Яшчэ адзін варыянт — падача заявы ў сэрвісным цэнтры аператара, пастаўшчыка паслуг электрасувязі. Таксама згода можа быць прадастаўлена ў выглядзе электроннага дакумента з выкарыстаннем ЭЛП.
«Новаўвядзенне дасць магчымасць засцерагчы абанентаў ад ненаўмыснага выкарыстання (без яўнай згоды з боку абанента) паслуг перадачы даных звыш аб’ёму, устаноўленага тарыфным планам, і, як вынік, дасць магчымасць знізіць незапланаваныя затраты абанентаў на сотавую сувязь», — дадалі ў прэс-службе.
Змяненні, якія датычацца прадастаўлення паслуг перадачы даных звыш аб’ёму, устаноўленага тарыфным планам, уступаюць у сілу праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання пастановы, даручэнне аператарам сотавай рухомай электрасувязі на прывядзенне дагавораў у адпаведнасць — пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Пастанова Мінсувязі №15 апублікавана 11 лістапада.






