Комплекс у гонар аперацыі «Баграціён» адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі ў Светлагорскім раёне
23 чэрвеня, Светлагорскі раён . Комплекс воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён», які размешчаны ў Светлагорскім раёне, урачыста адкрылі пасля рэканструкцыі 23 чэрвеня,
Дата адкрыцця выбрана невыпадкова: 82 гады таму, 23 чэрвеня 1944 года, пачалася аперацыя «Баграціён» — адна з буйнейшых наступальных аперацый Чырвонай арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і адна з буйнейшых ваенных аперацый за ўсю гісторыю войнаў. 
Памяць усіх мужных вызваліцеляў і бязвінных ахвяр ушанавалі мінутай маўчання. У знак глыбокай павагі да бессмяротнага подзвігу герояў да манумента ўсклалі кветкі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам мерапрыемства з нагоды адкрыцця пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу. 
Ігар Сергяенка адзначыў, што аперацыя «Баграціён» стала важнай вяхой на шляху да Вялікай Перамогі. «Раніцай 22 чэрвеня 1941 года Беларусь першай сустрэла ворага. 23 чэрвеня 1944-га, праз тры гады, адсюль з пачаткам аперацыі «Баграціён» і пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», — звярнуўся да старонак гісторыі старшыня Палаты прадстаўнікоў.
«Аперацыя «Баграціён» — гэта трыумф савецкага ваеннага мастацтва, які разам увасобіў талент палкаводцаў і военачальнікаў, такіх маршалаў і генералаў, як Жукаў, Васілеўскі, Ракасоўскі, Чарняхоўскі, Баграмян, Захараў, Антонаў, якія планавалі і ажыццяўлялі гэту аперацыю», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.
«Скаардынаваныя дзеянні чатырох франтоў, а гэта 15 агульнавайсковых, 2 танкавыя арміі колькасцю амаль 1,5 млн чалавек, актыўны ўдзел беларускіх партызанскіх атрадаў і злучэнняў, маштабныя дэзынфармацыйныя мерапрыемствы ў адносінах да праціўніка па месцы і пачатку правядзення летняй кампаніі 1944 года… І вядома ж, залогам перамог стаў масавы гераізм усіх грамадзян шматнацыянальнага Савецкага Саюза, усіх воінаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні нашай краіны», — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў. 
Ён нагадаў: толькі за вызваленне Беларусі былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза 1687 воінаў, з іх 39 беларусаў. «Тысячы былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. І з вызваленнем Беларусі пачалося вызваленне Заходняй Еўропы ад нацызму і адкрыўся прамы шлях у логава фашысцкага звера — Берлін», — заявіў Ігар Сергяенка.
Паводле яго слоў, манумент у Светлагорскім раёне — гэта даніна памяці нашым продкам, воінам-вызваліцелям. «Гэта наш з вамі ўклад у абарону гістарычнай праўды і ў захаванне памяці», — перакананы старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Як звярнуў увагу старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, гісторыя комплексу — гэта гісторыя народнай памяці. «Яна пачалася ў 2014 годзе, калі па ініцыятыве ганаровага грамадзяніна Светлагорска Ізяслава Катлярова пры падтрымцы Аляксандра Якабсона, Уладзіміра Дворніка і фінансавым удзеле Саюзнай дзяржавы тут быў устаноўлены памятны знак, прысвечаны пачатку аперацыі «Баграціён». Тады быў зроблены першы крок. Крок вельмі важны і дальнабачны. Таму што ўсе разумелі: месца, адкуль пачаўся адзін з вырашальных удараў па ворагу, павінна стаць месцам агульнанацыянальнай памяці», — расказаў аб гісторыі мемарыяла кіраўнік рэгіёна.
З 2025 года пачаўся новы этап развіцця комплексу, нагадаў кіраўнік вобласці. «Яго рэалізацыя стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням дзяржавы, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, неабыякавых грамадзян. З улікам сабраных сродкаў на абласных і рэспубліканскім суботніках можна з упэўненасцю сказаць, што ў гэтым мемарыяле — уклад абсалютна кожнага жыхара Беларусі. І гэта асабліва важна, таму што памяць нельга пабудаваць толькі з бетону, металу і каменю. Сапраўдная памяць будуецца агульным удзелам людзей, агульнай адказнасцю за мінулае і будучае сваёй краіны», — перакананы Іван Крупко.

«Сёння перад намі ўжо не проста памятны знак. Перад намі буйны гісторыка-мемарыяльны комплекс, які расказвае новым пакаленням пра подзвіг вызваліцеляў, пра мужнасць салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, усіх, хто набліжаў доўгачаканую Перамогу», — дадаў старшыня аблвыканкама.
Пасля маштабнай рэканструкцыі на тэрыторыі комплексу з’явіўся будынак інфармацыйнага цэнтра з пастаяннай і часовымі экспазіцыямі, вучэбным класам. Выставачныя залы знаёмяць з этапамі падрыхтоўкі і рэалізацыі легендарнай аперацыі. Мадэрнізавана і добраўпарадкавана пляцоўка пад адкрытым небам, уладкаваны зона для праглядаў рэканструкцый, дадатковая лакацыя для баявой тэхнікі. У памяшканні бліндажа, дзе раней размяшчалася экспазіцыя, з’явіўся інтэрактыўны цір, у якім наведвальнікі змогуць віртуальна апынуцца на палях бітваў.

Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» — адна з буйнейшых ваенных аперацый Вялікай Айчыннай вайны. Наступальная аперацыя прадаўжалася 68 сутак, была праведзена ў два этапы: першы з 23 чэрвеня па 4 ліпеня, другі — з 5 ліпеня па 29 жніўня. Тэмп наступлення склаў 25-30 км за суткі.
Фота Марыны Васільевай






