Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ва Уздзенскі раён азнаёміцца з развіццём племянной жывёлагадоўлі
19 чэрвеня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ва Уздзенскі раён Мінскай вобласці азнаёміцца з развіццём у краіне племянной жывёлагадоўлі, .
Кіраўнік дзяржавы наведае малочнатаварны комплекс «Ячанка» ТАА «БелІнтэрГен-агра». Тут размова пойдзе аб рабоце прадпрыемства і выкарыстанні сучасных тэхналогій (у тым ліку біятэхналогій) у малочнай і мясной жывёлагадоўлі пры мадэрнізацыі старых ферм у сучасныя МТК. Прэзідэнт азнаёміцца з пародамі племянных жывёл, выведзенымі ТАА «БелІнтэрГен». 
ТАА «БелІнтэрГен» — беларуская прыватная кампанія, якая займаецца племянной жывёлагадоўляй. З 2003 года яе спецыялісты даюць кансультацыі, садзейнічаюць развіццю высокапрадукцыйнага статка ў племянных гаспадарках. Набыццё раней дзвюх непрацуючых ферм ва Уздзенскім раёне дазволіла больш актыўна разводзіць племянных цялушак і бычкоў, але не толькі. Узнікла ідэя самім атрымліваць малако — так з’явіўся і напрамак аграбізнесу.
У асноўным у ТАА «БелІнтэрГен» займаюцца развядзеннем галштынскай пароды, але таксама пачалі разводзіць джэрсейскую, якая адносіцца да дробных парод кароў малочнага напрамку. Яе галоўная асаблівасць — малако мае вялікую колькасць тлушчу і бялку, вызначаецца высокай колькасцю ў саставе бялку А2. У той жа час дзякуючы невялікай вазе для кароў такой пароды трэба значна менш корму. Сутачны ўдой складае да 30 л.
За студзень — красавік 2026 года вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах у ТАА «БелІнтэрГен-агра» склала 129,5 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года, у тым ліку малака — 132,3 працэнта, прадукцыі гадоўлі буйной рагатай жывёлы — 110,1 працэнта. На 1 мая 2026 года колькасць буйной рагатай жывёлы склала 1,9 тыс. галоў, за год павялічыўшыся больш як на 27 працэнтаў.
Малочнатаварны комплекс «Ячанка» набыты праз аўкцыён у 2013 годзе, пасля чаго на ім была праведзена рэканструкцыя. Вядзецца будаўніцтва сучаснага малочнатаварнага комплексу замкнёнага цыкла на 3,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак будзе складацца з 1,5 тыс. галоў з удоем 13 тыс. кг малака ў год на галаву.







