Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве стала другой на Кубку нацый у Казані
Фота федэрацыі хакея на траве Рэспублікі Татарстан 1 верасня, Мінск . Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве заняла другое месца на традыцыйным міжнародным турніры «Кубак нацый» у Казані,
За трафей сярод дзяўчат змагаліся нацыянальныя і маладзёжныя (U21) каманды Беларусі і Расіі. На папярэднім этапе наша галоўная жаночая зборная перамагла малодшых суайчынніц (5:1) і Расію-U21 (4:2), а таксама ўступіла старэйшым гаспадыням пляцоўкі (1:3).
У паўфінале нашы спартсменкі зноў перамаглі малодшы расійскі склад (4:1), але ў фінале 1 верасня не змаглі ўзяць рэванш у дарослай зборнай Расіі — 3:5. У паядынку за трэцяе месца беларуская маладзёжка мінімальна прайграла равесніцам з суседняй краіны (2:3).
У склад жаночай зборнай Беларусі ўвайшлі хакеісткі чатырох мацнейшых клубаў краіны — «Мінска», смалявіцкай «Вікторыі», гродзенскага «Рытма» і баранавіцкага «Тэкстыльшчыка», а таксама Паліна Дзмітрыевіч з казанскага «Дынама-Ак Барса».




