Грамадства

Храм адукацыі і навукі. Урачыстае пасяджэнне Савета БДУ праходзіць з нагоды 105-годдзя ВНУ

29 кастрычніка, Мінск . У Беларускім дзяржаўным універсітэце праходзіць урачыстае пасяджэнне Савета БДУ з нагоды 105-годдзя ВНУ. Пляцоўкай правядзення стаў гістарычны факультэт, корпус якога лічыцца домам №1 у гісторыі БДУ,

Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук адзначыў, што БДУ заўсёды рыхтаваў інтэлектуальную эліту краіны. «Гэта самая лепшая навучальная ўстанова нашай краіны, у якой вучыліся многія. Сёння функцыю шматпрофільнага ўніверсітэта выдатна захоўваюць цяперашнія выкладчыкі і прафесура БДУ. Я сам выпускнік БДУ. Той узровень ведаў, тыя метадычныя напрацоўкі, якімі валодаюць выкладчыкі, кафедры Беларускага ўніверсітэта, незаменныя. Тое, што ў беларусаў ёсць такі ўніверсітэт, — гэта вялікі гонар. Я хачу пажадаць цяперашнім студэнтам БДУ як мага больш эфектыўна выкарыстоўваць гэту магчымасць і час, які ў іх сёння ёсць», — сказаў кіраўнік ведамства.
«Сёння ўніверсітэт — гэта комплекс, які дынамічна развіваецца, велізарны холдынг, які складаецца не толькі з класічнай адукацыі, але і з навукі і прыкладной навукі, — падкрэсліў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Напрыклад, нашы лекавыя проціпухлінныя прэпараты запатэнтаваны больш як у 56 краінах свету: гэта ЗША, гэта Японія, гэта Кітай. Вось гэта дарагога варта, і мы прадаўжаем ісці па гэтым шляху».
Удзельнікамі ўрачыстага пасяджэння сталі прадстаўнікі органаў улады, кіраўніцтва міністэрстваў і ведамстваў краіны. Узнагароды Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў, міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, ЦВК, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі атрымаюць выкладчыкі і вучоныя БДУ.

Дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі ўзнагароджаны Падзякай рэктара БДУ з уручэннем каштоўнага падарунка за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў і ў сувязі са святкаваннем 105-годдзя ўніверсітэта. «Белдзяржуніверсітэт — гэта фактычна ўсё маё дарослае жыццё, пачынаючы з першага курса, не лічачы двух месяцаў працы ў сельскай школе. Гэта нават не работа, гэта служэнне ўніверсітэту, гэта натхненне, людзі, з якімі працую, гэта праекты. Універсітэт развіваецца, з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, ідуць рамонты. Можна паглядзець на тое, як змяніўся будынак-музей гістарычнага факультэта. БДУ цяпер — гэта храм адукацыі, храм навукі, дзе для студэнтаў створаны ўсе ўмовы для вучобы. У залежнасці ад таго, якія задачы ставіліся ў эканоміцы краіны, з’яўляліся новыя факультэты і спецыяльнасці ў БДУ. Мы развіваемся і стараемся гэта рабіць дынамічна разам з нашай краінай», — падзяліўся ён.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў зачытаў віншавальны адрас кіраўніка дзяржавы.
Сучасны БДУ прадстаўлены 16 факультэтамі, 3 адукацыйнымі і 6 навукова-даследчымі інстытутамі і цэнтрамі, 7 установамі адукацыі, 88 навукова-даследчымі лабараторыямі, 7 прадпрыемствамі, 172 кафедрамі, 3 вучэбна-доследнымі станцыямі і 4 музеямі. Фонд фундаментальнай бібліятэкі БДУ налічвае каля 2 млн тамоў айчыннай і замежнай літаратуры. Калектыў БДУ складаюць больш за 6,8 тыс. супрацоўнікаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць звыш 2,8 тыс. выкладчыкаў, у тым ліку 5 акадэмікаў, 6 членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, больш за 300 дактароў навук і прафесараў, 1,3 тыс. кандыдатаў навук.

Колькасць навучэнцаў складае звыш 26 тыс. студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў. Сярод іх больш як 5,8 тыс. замежных грамадзян з 60 краін.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»