Грамадства

Якая яна — купальская Берагіня? Майстры Магілёўскай вобласці паказалі сваё бачанне на свяце ў Александрыі 

11 ліпеня, Александрыя . Сімвалам рэспубліканскага свята «Купалле» ў Александрыі ў гэтым годзе стала Берагіня. Майстры з Магілёўскай вобласці прадставілі на свяце сваё бачанне гэтага міфалагічнага вобраза,
Свята ў Александрыі, як заўсёды, радуе сваім маштабам і яркасцю. Тут перапляліся старадаўнія славянскія звычаі, прыгажосць сучаснай беларускай культуры. Адна з самых яркіх лакацый фестывалю ў гэтым годзе мае назву «Пад пакровам купальскай Берагiнi». Гэты міфалагічны вобраз увасабляе жаночы пачатак, абарону і магічную сілу прыроды. Ён сімвалізуе сувязь з воднай стыхіяй і травамі, ахоўваючы людзей ад нечысці. Берагіня часта асацыіруецца з Данай — уладаркай вод, якая шанавалася як светлая і добрая багіня, што дае жыццё ўсякай істоце.
Кожны раён Магілёўскай вобласці сёння прэзентаваў свой касцюм Берагіні і аксесуары да яго. Палёт фантазіі майстроў, выкарыстаныя матэрыялы і тэхнікі могуць здзівіць нават самага патрабавальнага госця.
«На свяце заўсёды хочацца яшчэ больш здзіўляць гасцей, паказваць ім нашу культурную спадчыну, — расказаў загадчык філіяла «Раённы дом рамёстваў» гарадскога пасёлка Хоцімск Максім Мамчанка. — Сімвал «Купалля» — гэта Берагіня. І мы пастараліся паказаць усе нашы культурныя брэнды. Над стварэннем касцюма працавалі тры майстры. У аснове — ткацтва і вышыўка. Касцюм стваралі лёгкім, светлым. Таму што, калі думалі аб тым, хто такая Берагіня, уяўлялася нешта лёгкае, бязважкае. А яшчэ ў нас выдатная мадэль — прыклад сапраўднай беларускай жанчыны. Касцюм прэзентуе наша зямлячка, мама чатырох цудоўных дачок».
А вось у Слаўгарадскім раёне вырашылі пайсці іншых шляхам. Тут за аснову ўзялі адну з самых галоўных турыстычных лакацый — Блакітную крыніцу. «У нас на падворку выстаўка нашых рамеснікаў — усё гэта мы прысвяцілі Году беларускай жанчыны. Нам падабаецца прымаць удзел у свяце. Таму што ўсё гэта нараджае творчасць, прымушае рухацца наперад і шукаць нешта новае. Такім для нас стаў конкурс касцюмаў у гэтым годзе, — адзначыла загадчыца сектара культуры Слаўгарадскага райвыканкама Галіна Купрыянцава. — Наш касцюм насычана сіняга колеру. Таму што ў нас зліваюцца дзве ракі — Проня і Сож. А яшчэ — наш галоўны брэнд, Блакітная крыніца. Намоленае месца, куды едуць людзі не толькі з Беларусі. Гэта наш абярэг. Усё гэта мы хацелі адлюстраваць у касцюме. А яшчэ ён расшыты кветкамі і травамі, што можна знайсці ў нас на Прысожжы, галаўны ўбор — саламяны вянок з кветкамі, падобнымі да элементаў традыцыйнага беларускага арнаменту».

Акрамя таго, што Берагіня стала сімвалам свята, стварэнне касцюмаў — гэта яшчэ і тэматычны конкурс паміж клубнымі ўстановамі вобласці. Сёння журы азнаёміцца ​​з работамі, а пераможцу ўжо назавуць пасля «Купалля».
Фота Алега Файніцкага

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»