Беларусы выйшлі ў фінал юнацкага ЧС па футболе
Фота АБФФ 29 кастрычніка, Мінск . Зборная Беларусі прабілася ў фінал першага ў гісторыі чэмпіянату свету і фестывалю Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) сярод юнакоў да 15 гадоў, які праходзіць у Азербайджане,
Сёння ў паўфінале дывізіёна С беларускія футбалісты перамаглі Шатландыю — 1:0. Адзіны мяч забіў Аляксандр Дарашэнка. Наступным сапернікам беларусаў будзе пераможца матчу Люксембург — Туніс.
У першым раўндзе плэй-оф падапечныя Дзмітрыя Пятроўскага выйгралі ў каманды Гібралтара — 6:0, у 1/8 фіналу перамаглі равеснікаў з Чылі — 2:1, а ў чвэрцьфінале былі мацнейшыя за зборную Уганды — 5:1. На першым этапе планетарнага форуму беларусы занялі трэцяе месца ў папярэдняй групе О, разграміўшы равеснікаў з Папуа — Новай Гвінеі з лікам 20:0 і каманды Батсваны і Манголіі з аднолькавым рэзультатам 7:0. Акрамя таго, беларускія футбалісты згулялі ўнічыю з перуанцамі — 2:2 і ўступілі малійцам — 1:2.
Усяго ў спаборніцтвах прымаюць удзел 189 каманд з усёй планеты. На другім этапе яны гуляюць па сістэме плэй-оф у адпаведнасці з занятымі месцамі ў першым групавым раўндзе. Асноўная частка матчаў праходзіць на новым комплексе футбольных палёў у пасёлку Гоўсан, вырашальныя паядынкі адбудуцца 30 кастрычніка ў Баку. Усяго ўдзельнікі спаборніцтваў правядуць амаль тысячу паядынкаў. Усе расходы па правядзенні маштабнага форуму — авіяпералёты, пражыванне, харчаванне, медзабеспячэнне, судзейства — узяла на сябе Міжнародная федэрацыя футбола.






