«Важна пражываць свае пачуцці»: паэтэса Скробат — аб выпрабаваннях, творчасці і жаданні дапамагаць людзям
Навіны сюжэта «Праект «Беларусы ў кадры»» «Не страціць любоў да жыцця». Паэтэса і псіхолаг Скробат пра дыягназ-прыгавор і творчасць як ратаванне «Праца аніматара па-сапраўднаму ювелірная». Рэжысёр Алена Турава пра беларускую мультыплікацыю Калі Настассі Скробат было дзевяць гадоў, ёй паставілі дыягназ: цукровы дыябет першага тыпу. Гэта здарылася ў дзень яе нараджэння. Замест свята — бальніца, ін’екцыі і пастаянны кантроль стану. Але менавіта тады дзяўчынка напісала першыя вершы. У нашым праекце Настасся расказала аб жыцці з няпростай хваробай, творчасці, прафесіі і людзях, якія дапамагаюць ёй ісці далей.
«Свята не будзе, Насцюша»
Сваё дзяцінства Настасся ўспамінае ў светлых фарбах. Яна была жыццярадасным, актыўным дзіцем, а яшчэ — з выдатным апетытам: старэйшая сястра Каця добра памятае, як Насця магла забраць у яе катлету і заявіць: «Усё маё!» Аб тым часе нагадвае і ўласны верш Настассі. Вось яго ўрывак:
«В босоногом детстве мы живем с надеждой,
Нам не страшно падать, знаем — заживет.
И не прячем душу дорогой одеждой,
И с восторгом завтра нас к себе зовет».
У дзяцінстве побач з Насцяй былі тры сяброўкі — Любоў, Надзея і Вера. Дружбу яны захавалі да гэтага часу, падтрымліваюць і дапамагаюць адна адной, і Насця нават згадвае аб гэтым у сваім вершы.
У дзевяць гадоў, у свой дзень нараджэння, Настасся пачула ад заплаканай маці: «Свята не будзе, Насцюша. Табе трэба ехаць у бальніцу». Там дзяўчынцы паставілі дыягназ: цукровы дыябет першага тыпу, які яна тады ўспрыняла як прыгавор. Жыццё змянілася: шматразовыя ін’екцыі ў дзень, абмежаванні ў ежы і рухах, неабходнасць вызначаць небяспечныя станы.
— Гэта было адчуванне канца, — успамінае Настасся. — Дні чатыры я плакала — здавалася, вось-вось памру. Мне падарылі маленькую цацку, каб было спакайней. Тады нельга было ляжаць у бальніцы з мамай, і мне было вельмі дрэнна адной. Потым я пазнаёмілася з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, у якіх быў такі ж дыягназ, як у мяне. І гэта ўсяліла надзею. Я зразумела, што не адна такая, што дзеці спраўляюцца. І далей — працэс прыняцця. Прайшла, напэўна, усе стадыі пражывання — адмаўленне, злосць, смутак… А потым настаў момант, калі задала сабе пытанне: ну што, доўга яшчэ будзем сумаваць? Тым больш у дзевяць гадоў — калі вакол столькі ўсяго цікавага!
Як да дыягназу паставіліся бацькі, Настасся памятае хутчэй па адчуваннях, чым па канкрэтных словах.
— Я заўважала, як мала яны гавораць адзін з адным і са мной. Гэта было падобна да нейкай чорнай вуалі, якая апускаецца на твар, — вось такая метафара ў мяне ўзнікае, — дзеліцца ўспамінамі гераіня. — Напэўна, такая вуаль гора і праўда была на тварах маіх бацькоў. Яны ж па прафесіі ўрачы і разумелі, якія магчымы ўскладненні — што справа не толькі ва ўколах і ў інсуліне, а потым і ў помпавай тэрапіі. Таму бедавалі. Але мама, здаецца, сабралася першай. Дыета, рэжым. «Насцюша, так трэба. Насцюша, гэта не хвароба, гэта спосаб жыцця», — гаварыла яна. І гэта падбадзёрвала. На нейкім этапе майго жыцця дыябет сапраўды стаў проста спосабам жыцця. Хоць тут тонкі момант: важна ўсё ж ставіцца да гэтага дыягназу як да хваробы. Але маміны словы тады давалі мне надзею і апору, за што я ёй удзячна.
Бацькі дапамагалі дачцэ захаваць прывычнае жыццё. Насця не перайшла на дамашняе навучанне, прадоўжыла хадзіць у школу і ў выніку скончыла фізіка-матэматычны клас з залатым медалём.
— Мама і тата вельмі падтрымлівалі мяне, трацілі шмат часу і сіл, каб я жыла паўнацэнным жыццём. Я навучылася сама калоцца, адрозніваць станы — што такое гіпаглікемія, што такое гіперглікемія, як гэта адбываецца і што рабіць. І заўсёды насіла з сабой кавалачак цукру. Часам, праўда, дзялілася ім з коньмі, — усміхаецца Настасся. — У дзяцінстве ў мяне часцей здараліся менавіта гіпаглікемічныя станы — гэта калі нізкі цукар, але пры гэтым хочацца шмат рухацца: бегаць, радавацца, весяліцца. Цукар жа можа рэзка знізіцца, калі даць арганізму вялікую фізічную нагрузку, а можа і вырасці, калі крыху пахвалявацца — напрыклад, кантрольная па матэматыцы гарантавана яго паднімала.
Сёння Настасся разумее, што хвароба, хутчэй за ўсё, не стала вынікам адной падзеі. На яе з’яўленне могуць паўплываць многія фактары, у тым ліку перанесеныя раней цяжкія захворванні. Зусім маленькай дзяўчынка, напрыклад, перахварэла на грып з паралічам нервовай сістэмы і комай — гэта таксама магло стаць спускавым кручком для аўтаімуннага захворвання.
«Хацелася быць лепшай, хутчэйшай і мацнейшай за ўсіх»
Школьныя гады не абышліся без цяжкасцей — равеснікі ёй далі крыўдную мянушку «дыятэзніца», блытаючы дыябет з іншай праблемай. Але класны кіраўнік, даверыўшы Насці ролю старасты, дапамагла ёй знайсці апору ў калектыве.
— Я ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах. Такая прага жыцця і жаданне прысутнічаць усюды ў мяне былі заўсёды. Але, вядома, даводзілася лічыцца з хваробай — і тут я абавязана маме. Напрыклад, яна пайшла ў школьны паход урачом атрада проста для таго, каб я магла ў ім удзельнічаць. Такімі любячымі матчынымі жэстамі яна падтрымлівала мяне. Было складана пісаць кантрольныя і праверачныя — а ў гімназіі іх было шмат. Сіндром выдатніцы ніхто не адмяняў: мне хацелася быць лепшай, хутчэйшай і мацнейшай за ўсіх. Гэта ўнутраная канкурэнтная барацьба заўсёды ўва мне жыла, і ў такія моманты асабліва паднімаўся цукар. Я прыходзіла дадому і ўжо там дапамагала сабе — гэта значыць у школе я трымалася, напэўна, на рэсурсах арганізма. Тата таксама падтрымліваў як мог — такі баец нябачнага фронту.
Пасля школы перад Насцяй стаяў выбар паміж медыцынай і педагогікай. Перамагла любоў да літаратуры і прыродазнаўчых навук — яна паступіла на факультэт прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка і атрымала спецыяльнасці настаўніка біялогіі і практычнага псіхолага.
Універсітэцкія гады даліся цяжка: спроба «быць як усе» і ігнараванне хваробы прывялі да працяглай комы ўжо на першым курсе, а потым — да сур’ёзных ускладненняў на іншыя жыццёва важныя органы.
— На першым курсе я шмат што стала ігнараваць у плане здароўя — здавалася, што спраўлюся з усім: лёгка дайду, даеду, здам экзамены. Вострага пагаршэння свайго стану тады не адчувала, арганiзм яшчэ трымаўся. Але ў выніку давялося пайсці ў акадэмічны водпуск на паўгода. Бацькі па-ранейшаму ўкладвалі ў маё здароўе сілы — як фінансавыя, так і эмацыянальныя.
Атрымаўшы дыплом, Настасся пайшла працаваць настаўнікам. Літаральна праз паўгода пачаў экстранна, катастрафічна падаць зрок — практычна са 100% ён упаў да 10% ад магчымага. Дзяўчыне давялося перанесці больш за 20 аперацый.
— Чаму так адбылося? Я ігнаравала хваробу. Так, было напружанне, былі задачы — я была класным кіраўніком, балела душой за сваіх пяціклашак, як жа без гэтага. І, вядома, не заўважала, як убываюць сілы, што з маім целам нешта адбываецца. А потым трапіла ў бальніцу, дзе ўрачы сказалі, што зрок страчваецца і лік ідзе на гадзіны.
У выніку Настассі давялося пакінуць школу — рашэнне, якое да гэтага часу ўспамінаецца ёю са шкадаваннем.
— Сёння мой зрок складае каля 7% ад магчымага. Правае вока не бачыць зусім, левае дае магчымасць адрозніваць толькі невялікую частку навакольнага свету, — гаворыць гераіня.
Каля дзесяці гадоў Настасся выкарыстоўвае інсулінавую помпу — яна дапамагае кантраляваць стан і захоўваць здароўе. Пры гэтым нават экран прыбора становіцца для яе ўсё менш бачным, і часам патрэбна дапамога блізкіх.
— Дыябет страшны не сам па сабе, а сваімі наступствамі. Часам думаю: калі б раней былі тыя магчымасці, што ёсць цяпер, калі б я не саромелася калоцца ва ўніверсітэце, калі б больш уважліва ставілася да асаблівасцей свайго арганізма — магчыма, многае склалася б інакш, — прызнаецца яна.
«Вершы сублімавалі мае праблемы і эмоцыі»
Вершы ў жыцці Настассі з’явіліся разам з хваробай — у дзевяць гадоў. Першы радок быў жартоўным: «Я поэт, зовут Настена. Ух, какая я сластена…» — дзяўчынцы вельмі хацелася салодкага, і вершы сталі спосабам выліць эмоцыі.
Доўгі час Насця нікому не паказвала свае творы. Пісала начамі — часцей за ўсё пад раніцу, калі горад спіць, з трох да шасці гадзін, — так, зрэшты, засталося і да гэтага часу.
— Чаму скрывала? «Паэтэса» гучыць неяк несур’ёзна. Мне было няёмка гаварыць аб сваім захапленні, таму хавала вершы, пісала ў стол, — прызнаецца гераіня.
Першы верш Насці быў апублікаваны ў газеце дзякуючы стрыечнай сястры-журналісту, на які неўзабаве прыйшлі станоўчыя водгукі чытачоў. А пазней будучы муж Настассі, Дзяніс, прапанаваў ёй падумаць аб уласнай кнізе.
— Вершы сублімавалі мае праблемы і эмоцыі — гэта быў такі спосаб, — адзначае субяседніца. — Я вельмі злавалася, сумавала і пісала аб гэтым — «маё цела ў палоне вельмі тонкай душы». Таму творчасць сапраўды выручала. Інакш дзіцячая псіхіка магла проста не справіцца. Бацькі, вядома, здзівіліся, калі даведаліся аб маім захапленні: «Чаму ж ты маўчала, дачушка?» А я адказала: «Вось такая я, поўная сюрпрызаў!»
Сёння ў Настассі тры паэтычныя зборнікі. Першая кніга выйшла ў 2021 годзе. У ёй больш за сто вершаў, аб’яднаных у некалькі раздзелаў. У зборніку можна прасачыць гісторыю сталення — ад дзяўчынкі да дзяўчыны, жанчыны, з разважаннямі пра каханне, сям’ю, час, Бога, жыццё і смерць і некалькімі аўтабіяграфічнымі празаічнымі ўстаўкамі. Ён атрымаўся цёплым, з вялікай колькасцю філасофскіх вершаў.
Другая кніга — «Игра слов, света и тени» — убачыла свет у 2023-м. Яе асаблівасць у тым, што вершы нарадзіліся пад уражаннем ад фатаграфій сяброўкі.
— Яна неяк паказвала мне свае здымкі, і я заўважыла, што на іх у мяне нараджаецца водгук — часам рыфмамі, часам цэлымі канцэпцыямі. Напрыклад, выява птушкі ў клетцы — усяго толькі здымак, а ў мяне нарадзілася цэлая ідэя, і начамі сталі з’яўляцца рыфмы. Я папрасіла сяброўку пакінуць мне свае фота. У выніку атрымалася кніга — яна не толькі для аматараў паэзіі, але і для тых, хто цэніць мастацтва фатаграфіі. Таму і назва ў зборніка такая — «Игра слов, света и тени». Выйшаў сапраўдны падарачны варыянт, гэта вельмі прыгожая кніга, і вершы ў ёй зусім іншыя — не такія, як у першым выданні.
Трэці зборнік — «Моя Вселенная» — для Настассі асабліва важны.
— Кніга была выдадзена шрыфтам Брайля. Сама я па ім пакуль не чытаю, але хацела падарыць часцінку свайго ўнутранага свету, свае разважанні людзям, якія, як і я, маюць праблемы са зрокам ці перасталі бачыць, — гаворыць яна. — Я прэзентавала выданне нашай бібліятэцы БелТІЗ для людзей са слабым зрокам і сляпых.
«Калі чалавеку цяжка, не трэба прымушаць яго неадкладна сабрацца»
Псіхалогія паступова стала яшчэ адным значным напрамкам жыцця Настассі. Веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, дапамагалі ёй падтрымліваць людзей, якіх яна сустракала ў час лячэння. Пазней Настасся працавала псіхолагам у цэнтры развіцця дзіцяці, займалася пытаннямі адносін дзяцей і бацькоў, вывучала праектыўныя методыкі і медыятыўныя практыкі. Сёння яна называе сябе мультымадальным спецыялістам, прадаўжае вучыцца і спецыялізуецца, у прыватнасці, на сузалежных адносінах і расстройствах харчовых паводзін.
— Асаблівае месца ў маёй рабоце займае дапамога людзям з парушэннямі зроку, — звяртае ўвагу Настасся. — Я супрацоўнічаю з дабрачынным фондам «Вярнуць зрок» і падтрымліваю тых, хто сутыкнуўся з гэтай праблемай і не ведае, як адаптавацца да новай рэальнасці.
— Калі чалавеку цяжка, не трэба прымушаць яго неадкладна сабрацца. Тут важна, каб ён пражыў свае пачуцці, даў сабе час пасумаваць, пабедаваць — і толькі пасля гэтага можна шукаць сілы рухацца далей, — раіць Настасся як псіхолаг і дадае як паэтэса: яшчэ важна — не страціць любоў да жыцця. — У маім вершы «Фонарики души» ёсць такія радкі:
И сколько б темнота ни окружала,
Пускай не меркнет ваш фонарь души.
И солнце свету чтобы подражало.
Гори, люби, твори, дыши!
Юлія МІШЧАНКА, фота Кацярыны КАЗЛОВАЙ
і з асабістага архіва гераіні публікацыі,
газета «7 дней».
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.






