Гран-пры фестывалю «Анімаёўка-2026» заваявала работа з Расіі
2 кастрычніка, Магілёў . Гран-пры XXIX Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2026» заваявала работа «Чатыры прыпынкі» рэжысёра Лізаветы Хломавай з Расіі,
Асаблівасць гэтага анімацыйнага фільма ў тым, што ў ім выкарыстоўваецца мова жэстаў. «Вытворчасць фільма заняла 4 гады — год падрыхтоўкі і 3 гады здымак, мантажу, агучкі. Гэта гісторыя пра сям’ю глухіх: усе асноўныя дыялогі ўнутры сюжэта ідуць на мове жэстаў. Мы падрабязна працавалі, каб яна была сапраўднай, жывой, дамашняй, — расказвае пераможца. — Асноўны сэнс: людзі розныя, але пры гэтым ёсць вельмі блізкія і зразумелыя ўсім праблемы і складнасці ў жыцці — са школай, сям’ёй, сталеннем. Усё роўна, глухі ці не, але ты ўсё роўна праходзіш праз тыя ж самыя сітуацыі».
Для рэжысёра гэта гісторыя і пра тое, што людзі заўсёды павінны быць смелымі і ісці наперад. «Не трэба баяцца быць сабой. І калі твая родная мова жэставая, то трэба яе падтрымліваць, не баяцца на ёй фантазіраваць. Быць смелым і свабодным», — падзялілася яна.
«Для аўтарскага кіно фестываль «Анімаёўка» — гэта асноўны спосаб узаемадзеяння з гледачом, таму што ў пракаце, на тэлебачанні не ідуць гэтыя фільмы. Тут гэта магчымасць якраз іх паглядзець. Была вельмі вялікая разнастайная праграма. Класна, што «Анімаёўка» існуе так доўга, жадаю ёй працвітання і доўгіх гадоў», — сказала Лізавета Хломава.
Як адзначыў старшыня журы конкурсу анімацыйных фільмаў, мультыплікатар, рэжысёр, кампазітар мультыплікацыйных і ігравых фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігар Волчак, у гэтым годзе фестываль запомніўся колькасцю фільмаў. «Мне давялося папрацаваць на фестывалях высокага рэйтынгу, і «Анімаёўка» ненамнога ім уступае, а ў наступным годзе, упэўнены, стане з імі на адзін узровень. У гэтым годзе пададзена 1962 заяўкі, хаця раней на «Анімаёўцы» было ўсяго 300-400 фільмаў, — расказаў ён. — Фестываль расце — няхай гэта прадаўжаецца і прагрэсіруе. Хочацца асобна адзначыць дзяцей, чые педагогі робяць вялікую справу. «Анімаёўка» якраз дапамагае вырасціць новае пакаленне. Няхай яны будуць шчаслівыя!»
Фота mogilevnews.by




