Культура

Вялікі тэатр прысвеціць паказ оперы «Царская нявеста» юбілею народнай артысткі Беларусі Наталлі Рудневай

Фота Вялікага тэатра 21 кастрычніка, Мінск . Оперу «Царская нявеста» пакажуць у Вялікім тэатры 24 кастрычніка да юбілею народнай артысткі Беларусі, дацэнта кафедры спеваў БДАМ Наталлі Рудневай. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

У тэатры адзначылі, што менавіта ў гэту оперу ў пачатку 1980-х маладую Наталлю Рудневу «кінулі» без рэпетыцый на галоўную партыю — Любашы. У далейшым яна выходзіла ў гэтым вобразе каля 25 гадоў.

Галоўны хормайстар Вялікага тэатра народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч пазнаёмілася з Наталлей Рудневай, калі маладая спявачка апошні год працавала ў хоры, пасля заканчэння кансерваторыі яна стала салісткай оперы.

«Яркі голас поўнага дыяпазону, абсалютная музычная дасведчанасць і памяць, фантастычная працаздольнасць — усё гэта аб Наталлі Рудневай. Яна ўваходзіла ў рэпертуар проста ў адзін момант. І нават некаторыя партыі спявала толькі яна, як, напрыклад, вельмі складаную ролю Клары Цаханасян у оперы С.Картэса «Візіт дамы». У час нашых гастроляў адзін італьянец сказаў аб Рудневай: «Гэта нейкая вакальная машына…» І гэта на самай справе так. Я заўсёды здзіўлялася, як ёй хапае сіл — вакальных і фізічных. А якой яна была цудоўнай Любашай у «Царскай нявесце»! Калі яна спявала а капэла — гэта было нешта неверагоднае! Мне здаецца, я ніколі больш і не чула такога выканання ў нашым тэатры. Часам гавораць: галоўнае ў музыцы не ў нотах. Гэта менавіта тое, што было ў Наталлі Рудневай. Яна спявала сэрцам. І забыць такое не магу да гэтага часу», — расказала Ніна Ламановіч.

Дырыжор Вялікага тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Калядка называе Наталлю Рудневу сваім настаўнікам. Паводле яго слоў, яна чалавек надзвычайнай інтэлігентнасці. Не проста спявачка, а спяваючая актрыса, якая не аддзяляла музычную частку ад драматычнай, а гэта рэдкі сімбіёз. Менавіта Мікалай Калядка будзе дырыжыраваць у пастаноўцы оперы «Царская нявеста» 24 кастрычніка.

У гэты вечар у гледачоў будзе магчымасць трапіць на творчую сустрэчу з Наталляй Рудневай. Яна пройдзе ў Габеленавай зале за гадзіну да пачатку спектакля — у 17.00. А ў фае бельэтажа адкрыецца фотавыстава, прысвечаная юбілею опернай спявачкі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»