«Зрабіць гледача шчаслівым». Аляксандр Малінін пра сваю задачу на »Славянскім базары»
19 ліпеня, Віцебск . У канцэртнай зале «Віцебск» адбыўся сольнік расійскага артыста Аляксандра Малініна, які прэзентаваў публіцы лепшыя рамансы са свайго рэпертуару,
Як толькі спявак выйшаў на сцэну з гітарай, зала сустрэла яго авацыямі. Аляксандр Малінін адзначыў, што яму, як і любому артысту, падабаецца ўвага і прызнанне гледачоў. «Я зраблю ўсё магчымае, каб кожны з вас сёння выйшаў пасля майго выступлення поўнасцю шчаслівым», — сказаў ён.
Песню «Белы конь», з якой стартаваў канцэрт, паклоннікі артыста пазналі з першых акордаў. Выканаўца прадставіў адзін са сваіх ранніх рамансаў «Гусарская балада», некалькі вядомых кампазіцый — «Як пашанцуе», «Злаві гармонію нябёсаў», і новыя творы.
«Ёсць раманс, які я спяваю ўжо 40 гадоў і, напэўна, часам хацеў бы адпачыць ад яго, але публіка ў канцы просіць, каб я на біс выканаў менавіта яго. І сёння я выканаю яго ў пачатку канцэрта», — падзяліўся Аляксандр Малінін і праспяваў «Паручнік Галіцын».
Інструментальнае суправаджэнне стала гарманічным дапаўненнем да нязменна бездакорнага і чыстага голасу артыста, на якім быў зроблены галоўны акцэнт ва ўсіх прадстаўленых кампазіцыях. Душэўна плакалі гітары, а ўдарныя акуратна адбівалі рытм, у якім біліся сэрцы гледачоў.
Аляксандр Малінін даўно стаў неад’емнай часткай фестывальнай гісторыі. Аматары любяць яго не толькі за пранікнёны вакал, але і асаблівую энергетыку, індывідуальную манеру выканання, якую артыст захоўвае доўгія гады.





